Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск выступіў перад удзельнікамі Форуму супольнасці і пагранічнага развіцця Еўразвязу ў Беластоку і абвясціў, што Польшча гатовая ўжо ў лістападзе аднавіць працу двух памежных пераходаў — у Баброўніках і Кузніцы.

«Мы будзем гатовыя яшчэ ў гэтым годзе, скажу больш — ужо ў лістападзе — да адкрыцця двух пагранічных пераходаў у Баброўніках і Кузніцы. Калі гаворым пра Баброўнікі — там няма лагістычных перашкод», — адзначыў Туск, выклікаўшы працяглыя апладысменты ў зале.
Паводле прэм’ера, пераход у Кузніцы пакуль будзе працаваць у тэставым рэжыме — прапускаць толькі аўтамабілі вагой да 3,5 тоны, пакуль не завершацца рамонтныя працы.
Адкрыццё трэцяга пераходу — у Палоўцах (з беларускага боку Пясчатка) — пакуль не разглядаецца, бо там знаходзіцца вайсковы лагер.
Туск падкрэсліў, што рашэнне пра частковае адкрыццё мяжы прымаецца пасля ацэнкі бяспекі:
«Калі мы гаворым пра магчымасць адкрыцця гэтых пераходаў, то перадусім таму, што мяжа цяпер абароненая так добра, як ніколі раней. Польска-беларуская мяжа, дзякуючы супольным намаганням, сёння, бадай, самая ахоўваемая ў Еўропе. Таму мы можам дазволіць сабе пэўны рызыкоўны, але неабходны крок, бо карысці ад гэтага будзе больш, чым пагрозаў».
Польскі прэм’ер падкрэсліў, што адкрыццё пераходаў будзе мець выпрабавальны характар, і ў выпадку пагаршэння сітуацыі мяжа можа быць ізноў зачыненая:
«Калі спатрэбіцца, я не буду вагацца ні секунды», — заявіў Туск.
Ён таксама нагадаў, што адкрыццё мяжы — гэта не толькі палітычнае, але і эканамічнае пытанне, звязанае з падтрымкай рэгіёнаў, якія жывуць на памежжы:
«Часы цяжкія. Інвестыцыі павінны падтрымаць рэгіён. Мы не выбіралі суседзяў і не чакалі агрэсіі Расеі супраць Украіны. Таму перад намі — інвеставанне з розумам, з бяспекай, з улікам праблем нелегальнай міграцыі. Пры гэтым Падляшша не павінна губляць сваёй турыстычнай прывабнасці», — адзначыў кіраўнік урада.
Туск таксама звярнуў увагу, што Польшча павінна каардынаваць сваю палітыку з суседзямі, у тым ліку з Літвой, якая нядаўна закрыла некаторыя пераходы на мяжы з Беларуссю.
На дадзены момант паміж Беларуссю і Польшчай дзейнічаюць толькі два аўтамабільныя пераходы — Брэст–Тэрэспаль (для легкавога транспарту і аўтобусаў) і Казловічы–Кукурыкі (для грузавікоў), а таксама некалькі чыгуначных.




Беларускае Радыё Рацыя






