BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Дзень з Канапелькай» або Сустрэча з велікоднымі традыцыямі Падляшша

Падляшскі музей народнай культуры запрашае ў нядзелю 27 красавіка з 11.00 да 15.00 на «Дзень з Канапелькай».

У праграме: дэманстрацыя калядавання, лекцыя пра старадаўнія велікодныя абрады, майстар-класы па веснавых песнях, гулянне каля вогнішча.

У мінулым на Падляшшы быў папулярны звычай спяваць веснавыя калядкі з каноплямі падчас Вялікадня. Канапелька — так называецца традыцыйная песня, якая выконваецца з гэтай нагоды. З ёй хадзілі толькі мужчыны, галоўным чынам халасцякі, якія пачыналі спяваць калядкі позна ўвечары ў Велікодную нядзелю і заканчвалі ў Велікодны панядзелак. Калядоўшчыкі хадзілі ў выбраныя хаты, каб пажадаць гаспадарам добрага ўраджаю, а адзінокім мужчынам і жанчынам — змены сямейнага становішча. Атрымлівалі аплату ў выглядзе каўбасы, яек або гарэлкі.

У музеі пад адкрытым небам звычай веснавых калядак будзе аднаўляць гурт «Da się lubić», а пра гэты і іншыя абрады, звязаныя з Вялікаднем, раскажа доктар Артур Гавэл, этнограф, які спецыялізуецца, між іншым, на народных абрадах. Завершыцца свята сумесным пачастункам ля вогнішча з Колам вясковых гаспадынь “Kokoszki z przytupem” і дэгустацыяй “бульбы па-сялянску”.

Падчас імпрэзы можна будзе прыняць удзел у майстар-класах па веснавых песнях, якія вядзе Ганна Фіёнік з Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах.

Паводле прэс-рэлізу