Па дакументах Міхась Жызнеўскі – Герой Украіны. Справа прызнання была марудная, але вынік стаўся станоўчым – украінскія ўлады часоў прэзідэнта Пятра Парашэнкі адзначылі ўнёсак беларуса, а пасля і шэрагу беларусаў, у перамогу Майдану, і следам у абарону Украіны ад нападу Расеі на пачатку 2014 году.

Міхаіл Жызнеўскі стаўся другой па ліку ахвярай верных Віктару Януковічу «беркутаўцаў». Таго самага прэзідэнта Януковіча, які вырашыў па прыкладзе Лукашэнкі прысабечыць сабе большую частку ўлады ў дзяржаве, чым справакаваў пераход Майдану з мірных рэек на гвалтоўныя.
22 студзеня 2014 году ў цэнтры Кіеву першым забілі грамадзяніна Украіны Сяргей Нігаян, а другім – грамадзяніна Беларусі Міхаіла Жызнеўскага. Абодва этнічныя не ўкраінцы, што сімвалізавала інтэрнацыянальнасць Майдану, з ідэямі якога былі салідарныя словам і справай людзі розных этнічнасцяў і грамадзянстваў. Ідэі простыя – свабода, законнасць, еўрапейскі кірунак.
Вядома, у сэрцах шмат каго з беларусаў і ўкраінцаў Міхась Жызнеўскі безумоўны герой – з дакументамі ці без.
Далёкія ад украінскіх рэаліяў беларусы здзіўляліся, маўляў, дык што тут марудзіць з прызнаннем геройства – усё ж відавочна.
На радзіме пад Гомлем было так: вось лукашэнкаўцы, якім герой Майдану рэжа вочы, вось беларусы-паплечнікі, якія прыглядаюць за магілай героя Украіны. Вось беларусы, якія разумеюць, што хлопец герой, але супраць таго, каб беларусы гінулі за мяжой.
А ва Украіне не лепш. Там Міхаіл Жызнеўскі як беларус пасля 24 лютага 2022 году для асабліва «прасунутых» стаўся адмоўным героем. Маўляў, усе беларусы вінаватыя, нават калі яны змагаліся на Майдане.
Перакуленая рэальнасць, якая вылілася ў тое, што міні-мемарыял на месцы гібелі Міхася на вуліцы Грушэўскага, які стаяў амаль дзесяць гадоў, адносна нядаўна не проста прыбралі, а выкінулі ў кусты.
Такі вось нічыйны герой. Прыклад калі нават перад абліччам агульнай бяды, у нашым выпадку Крамлёўскай агрэсіі, людзі не могуць дамовіцца пра агульныя бясспрэчныя прынцыпы. Хто свой, хто чужы не паводле пашпарту, а паводле ідэяў, інтарэсаў і ўчынкаў.
Для мяне відавочна, што беларусы ва Украіне і падчас Майдану, і падчас баявых дзеянняў 2014-15 гадоў, і цяпер змагаюцца за Беларусь. Бо вораг супольны.
Таму мы не мусім забывацца на імя Міхася Жызнеўскага. Ды іншых беларусаў, загінулых ва Украіне супраць расейскай агрэсіі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






