BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Эксперты МАГАТЭ назвалі прычыну ўзгарання ў саркафагу Чарнобыльскай АЭС

Прычынай узгарання, якое адбылося пасля ўдару расійскага беспілотніка па Чарнобыльскай АЭС, стала наяўнасць гаручых матэрыялаў у ашалёўцы даху саркафагу над чацвёртым энергаблокам, гаворыцца ў заяве генеральнага дырэктара МАГАТЭ Марыана Гросі.

Агледзеўшы месца выбуху, супрацоўнікі МАГАТЭ таксама пацвердзілі, што дрон прабіў адтуліну памерам каля шасці метраў у даху ахоўнага збудавання, але не пашкодзіў канструкцыю будынка. Акрамя таго, яны правялі вымярэнні, па выніках якіх запэўнілі, што ўзровень радыяцыі не перавышае норму.

У заяве высока ацэнены намаганні ўкраінскіх пажарных, якія аператыўна лакалізавалі пажар, і цяпер працуюць кругласутачна ў марознае надвор’е, каб ліквідаваць апошнія ачагі ўзгарання саркафага ЧАЭС.

Надзвычайнае здарэнне адбылося 14 лютага ў дзень старту Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Украінскі бок абвінаваціў у гэтым расіян. У сваю чаргу прадстаўнікі Крамля як звычайна адмаўляюць сваю віну.