EPAM нечакана выйшаў з праграмы падрыхтоўкі айцішнікаў у ЕГУ, піша Dev.by. Студэнтам прапануюць альбо працягнуць навучанне на спецыяльнасці “Інфарматыка”, альбо перайсці ў іншыя ўніверсітэты.
Як альтэрнатыва — узяць акадэмічны адпачынак. У гэтым выпадку студэнтам абяцаюць вярнуць грошы за веснавы семестр. Навучэнцы — ў разгубленасці. Не ведаюць, што рабіць. Ім паведамілі навіну 11 красавіка, але пра прычыну кампанія не агучыла, спаслаўшыся на карпаратыўную таямніцу. “Можна застацца ў ЕГУ, але незразумела, што будзе з праграмай, са структурай курсаў. Хоць і гавораць, што ўсё застанецца гэтак жа, верыцца ў гэта з цяжкасцю. Да таго ж, выкладчыкі былі часткова з EPAM. Пераходзіць у іншыя ўніверсітэты не выгадна праз рознасць праграм і коштаў за навучанне. У ЕГУ плата за навучанне за год складае да 2,5 тысяч еўра, а ў іншых універсітэтах у Вільні, калі казаць пра тэхнічныя спецыяльнасці, каля 4,2 тысяч еўра за год”, — распавёў выданню адзін за студэнтаў.
Магчыма, што адмова ад удзелу звязаная з ціскам уладаў на ЕГУ, тады як EPAM працягвае працу ў Беларусі.