Новая жалезная заслона. З-за пагрозаў Расеі пяць краін-суседзяў РФ умацоўваюць сваю абарону, звяртаючыся да сродкаў, якія свет спрабаваў назаўжды забараніць. Аб гэтым піша брытанская The Telegraph.

Ад Лапландыі на поўначы Фінляндыі да Люблінскага ваяводства на ўсходзе Польшчы на межах Еўропы хутка паўстане новая «жалезная заслона». Прытым Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва і Польшча абвясцілі аб намеры выйсці з Атаўскай канвенцыі 1997 года, якая забараняе супрацьпяхотныя міны. У канцы чэрвеня ўсе пяць дзяржаваў, як чакаецца, афіцыйна паведамяць ААН аб выхадзе з названай канвенцыі. Іх межы з Беларуссю і Расеяй складаюць агулам 3460 кіламетраў. Вайскоўцы ўжо распрацоўваюць планы, якія ўчасткі лясоў і азёр будуць замінаваныя, калі Уладзімір Пуцін засяродзіць свае войскі супраць альянсу.
Беларускае Радыё Рацыя






