Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні пачало фармаванне базы беларускіх арганізацый і ініцыятыў, якія можна падтрымаць праз механізм пералічэння 1,2 % або 1,5 % падаходнага падатку за 2025 год. Да ўдзелу запрашаюцца беларускія праекты, зарэгістраваныя ў Польшчы і Літве, што працуюць у інтарэсах беларускай супольнасці.

Кажа кіраўнік Прадстаўніцтва Павел Баркоўскі:
– Перадусім з тых краін, дзе такія сэрвісы існуюць, такія магчымасці пералічваць працэнт з падатку. Яны дакладна ёсць у Польшчы, Літве і, наколькі я ведаю, у іншых краінах Балтыі. Таксама мы даведаліся, што такая магчымасць, напрыклад, ёсць у Італіі. Натуральна гэта многія арганізацыі з вядомай рэпутацыяй, вялікай дзейнасцю. Заклікаем далучацца да гэтай базы і беларускія медыя, і беларускія адукацыйныя і культурніцкія праекты.
У базу ўвойдуць толькі тыя арганізацыі, якія маюць права ўдзельнічаць у падатковым механізме і пройдуць працэдуру верыфікацыі. Гэта, паводле арганізатараў, павінна гарантаваць празрыстасць і бяспеку для тых, хто вырашыць падтрымаць беларускія ініцыятывы, у тым ліку ананімна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Прадстаўніцтва






