
У Варшаве пакажуць дакументальны фільм “20 дзён у Марыўпалі” украінскага рэжысёра Мсціслава Чарнова. Карціна, прысвечаная баявым дзеянням у горадзе, была ўганараваная прэміяй “Оскар”.
Убачыць стужку цяпер можна будзе 16 сакавіка ў Беларускім Моладзевым Хабе. Падрабязнасці падзеі нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай распавёў “Госць Рацыі” – намеснік дырэктара ўстановы Павел Забаўскі:
– Ідэя, што мы хочам гэта паказаць, была даўно. Калі да нас выйшлі людзі, якія могуць вырашыць пытанне з аўтарскімі правамі, з тымі магчымасцямі, якія ў нас будуць, калі гэтыя правы з’явяцца. Мы канешне вырашылі, што гэта трэба рабіць. Але мы пра гэта размаўлялі яшчэ месяц таму. Нам сказалі, што слухайце, а давайце трошачкі пачакаем, калі стане зразумела “Оскар” ці не “Оскар”, калі гэта ўжо можна будзе паказваць. Так атрымалася, што з’явіўся “Оскар” і з’явіўся фільм, які кожнаму трэба паглядзець, я думаю. Мы дамовіліся да таго, што мы робім паказ і зараз я не ведаю, што нам рабіць. Вельмі шмат людзей, якія прыйшлі запісацца на гэты паказ. Зараз мы ўжо вядзём перамовы, каб гэтых паказаў было ў суботу два. Мы спадзяёмся, што ў нас усё атрымаецца.
РР: Гэта будзе не толькі паказ, але яшчэ і абмеркаванне?
– Так. Ну калі будзе два паказы, то абмеркаванне будзе толькі пасля першага. Бо пасля другога ўжо трэба ісці спаць, бо фільм ідзе 1 гадзіну 45 хвілін. Так, мы плануем, што гэта будзе паказ фільму пасля абмеркавання. Калі ўсё будзе добра, то пакажам другі раз для тых людзей, якія з нас будуць гледачамі, калі нам дазволяць другі раз паказваць.
РР: Абмеркаванне з кім? Хто будзе мадэратарам?
– Яго будзе праводзіць Мікалай Лаўрынюк, які быў адным з каардынатараў на фестывалі “Лістапад” у свой час.
РР: У гэтым фільме можна пачуць некалькі моў.
– Так. Фільм у першую чаргу на ўкраінскай мове, але там будзе расейская і ангельская мова. Зараз тыя людзі, якія нам дапамагаюць, каб гэты фільм у нас прайшоў, яны спрабуюць зрабіць так, каб былі субцітры на беларускай мове. Калі гэта не атрымаецца, то Мікалай нам дапаможа з ангельскай мовай. Бо там ёсць тэрміналогія, якую не кожны чалавек зразумее нават у кантэксце фільму. Нашыя партнёры American Center Minsk.
Паказ фільму “20 дзён у Марыўпалі” ідзе пры непасрэдным удзеле American Center Minsk.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Нагадаем, сёлета ў святкаванні Дня Волі ў Варшаве прымуць удзел палітычныя і грамадскія дзеячы з Беларусі, Украіны і Польшчы. Музычна імпрэзу падтрымаюць гурты Dzieciuki, Atesta, Belarusian Truestory, Піт Паўлаў і іншыя.
Зблр фінансаў на падзею зараз ладзіцца на сайце Bysol.
Частка сродкаў ужо сабраная, у тым ліку праз 1,5% ад падаткаў для Беларускага Моладзевага Хаба.
Беларускае Радыё Рацыя – інфармацыйны партнёр мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя






