BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фінал агульнапольскага адбору на “Еўрабачанне 2025” адбудзецца 14 лютага

Ужо сёння, 14 лютага, увечары адбудзецца бадай што самая знакавая падзея гэтага году ў падляшскай музыцы – фінал агульнапольскага адбору на “Еўрабачанне 2025”, у якім бярэ ўдзел R’N’B дуэт SW@DA x Niczos з Беласточчыны з кампазіцыяй Lusterka. Гэта Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук.

А жыхары Бельска-Падляшскага, адкуль паходзіць Ніка, ды яе сябры, з якім пагутарыў наш калега Юрась Дзяшук, заклікаюць аддаць  SMS-голас за сваіх музыкаў, якія спяваюць по-свойму.

Кажа бяльшчанін Томаш Суліма:

– Крыху нечакана, а крыху чакана. Мы ўсе чакалі не тое, што перамогі, а каб проста пачуць. Гэта музыка, гэта нейкі кайф, гэта мастацтва перш за ўсё. Давайце пакажам нашае мастацтва. А тут зусім незвычайнае, тое, што SW@DA x Niczos, Віктар і Ніка, сумесна стварылі, зусім незвычайнае. У музычным плане гэта не прадукт, гэта сапраўдная творчасць. Хаця я можа па сваім узросце занадта спелы да гэтай музыкі, гэтага жанру, але мы перш за ўсё ганарымся, што гэта ідзе ў свет. Што зробяць палякі, ці вылучаць на “Еўрабачанне” – паглядзім, але мы ўжо перамаглі, я так лічу.

Музыка Сяргей Доўгушаў:

–  Я вельмі цешуся, што нарэшце нешта новае можна пачуць і пабачыць на тым жа адборачным туры “Еўрабачання”. Зычу, каб сапраўды атрымалі перамогу, бо гэта нешта новае, унікальнае. Таму ўсім беларусам, усім падлешукам, усім тутэйшым і агулам палякам і аматарам гэтага гурта раю прагаласаваць, таму што гэта сапраўды будзе штосьці новае.

А мы нагадаем, што трансляцыя фіналу адбору на Еўрабачанне распачнецца сёння ўвечары а 20:45. Галасаванне пачнецца прыкладна а 22 гадзіне і будзе трываць 20 хвілінаў. Прагаласаваць трэба па нумары 7430 з лічбаю 6 – гэта нумар SW@DA x Niczos.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя