Яны зладзілі страйк супраць існуючай сельскагаспадарчай палітыкі і высунулі 6 асноўных патрабаванняў.
Дзеля гэтага фермеры і леснікі прыгналі ў сталіцу Літвы трактары і лесавозы і заставілі імі цэнтральны праспект Вільні – праспект Гедыміна.
На плошчы Кудзіркі былі арганізаваныя агульныя мітынгі, падчас якіх фермеры сустракаліся з кіраўніцтвам краіны. Усяго ў страйку ўдзельнічала некалькі тысяч фермераў, каля 1300 з іх прыехалі ў Вільню на трактарах і лесавозах.
Пратэстоўцы патрабавалі адмены абавязацельстваў па аднаўленні шматгадовых лугоў, вяртання старога парадку выкарыстання маркіраванага дызпаліва, адмены павышанага з гэтага года акцызнага падатку на звадкаваны нафтавы газ, вырашэння так званага малочнага крызісу, адмовы ад пашырэння ахоўных тэрыторый і спынення транзіту расейскага збожжа.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ запэўніла пратэстуючых фермераў, што ўрад пачаў ужо вырашэнне ўзнятых пытанняў.
Фермеры страйкавалі ў сталіцы Літвы тры дні. Яны хацелі працягнуць страйк далей, але ім не працягнулі тэрмін дзеяння дазволу на пратэст у Вільні.
Падчас страйку і пасля яго нікога не затрымалі і не арыштавалі.
Беларускае Радыё Рацыя