21 траўня беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Палітвязня. У гэты дзень трэба рабіць акцыі ў падтрымку палітвязняў, пісаць ім лісты і выказваць салідарнасць.

Аднак адзін з палітвязняў, які нядаўна выйшаў на волю, Павел Юхневіч, раіць не пісаць лісты палітвязням, каб не перашкаджаць працы цэнзараў.
Былы палітвязень Зміцер Фурманаў не згодзен з такой прапановай:
– Такія заклікі мне не зразумелыя, што мы даём працу цэнзарам, яны і так павінны працаваць. Заўсёды гэта падтрымка павінна быць. На сваім прыкладзе я магу сказаць, што калі б не гэтая падтрымка, я б адчуваў сябе дастаткова горш. І калі кожны раз я атрымліваў, ну не ўсе вядома да мяне даходзілі лісты, але калі атрымліваў лісты са словамі падтрымкі, гэта мяне заўсёды натхняла і давала сіл дасядзець да канца свайго тэрміну.
Па словах Зміцера Фурманава, для яго лісты, што пісалі яму за краты былі вялікай падтрымкай:
– Агулам, калі лічыць лісты разам з паштоўкамі, іх было, калі я звольніўся, больш за тысячу.
РР: Палітзняволеныя часта знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, калі ні лістоў, ні тэлефанаванняў. Як такіх людзей можна падтрымліваць?
– Складанае пытанне. Як ні намагайся, усё роўна гэтая падтрымка не атрымаецца. Такому палітзняволенаму проста нічога не будуць перадаваць.
За кратамі ў Беларусі знаходзіцца па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна» каля 1200 чалавек, якія маюць статус палітзняволенага. Па падліках іншых праваабарончых ініцыятываў, такіх зняволеных можа быць каля трох тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя