Але і не благія ў маштабе ваяводства і цалкам прыстойныя ў маштабе Польшчы. Каму гэта перашкаджае?

15 студзеня штомесячнік «Perspektywy» прадставіў рэйтынг найлепшых агульнаадукацыйных ліцэяў і тэхнікумаў Польшчы 2025 года (дадзеныя за папярэдні год).
Самай высокапастаўленай школай у Бельску быў ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй імя Б. Тарашкевіча з беларускай мовай навучання (Бельскі беларускі ліцэй). Школа атрымала «Сярэбраны шчыт» — знак якасці школы ў прэстыжным рэйтынгу сярэдніх школ Perspektywy 2025.
ІІ сярэдняя школа Бельска ў рэйтынгу агульнаадукацыйных ліцэяў заняла: 1 месца ў Бельскім павеце і 11 месца ў Падляшскім ваяводстве.
У падрэйтынгу Алімпійскіх школ 2025 г. Бельскі белліцэй № 2 з беларускай мовай навучання заняў 2 месца ў ваяводстве і 15 месца ў Польшчы.
Затое нядрэнныя вынікі ёсць у гайнаўскім Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Гайнаўскія “Бялорусы” занялі 13-е месца, крыху адстаўшы ад ІІ ліцэя з Бельска ў ваяводстве, але найлепшыя ў сваім горадзе.
Асноўныя адрасаты Рэйтынгу — вучні 8 класаў і бацькі вучняў, якія павінны прыняць рашэнне аб выбары далейшага адукацыйнага шляху. Рэйтынг сярэдніх школ і тэхнікаў «Perspektywy» заснаваны выключна на вымерных дадзеных са знешніх крыніц, дадзеныя аб выніках выпускнога экзамену ў сярэдняй школе і дадзеныя галоўных камітэтаў рэйтынгавых алімпіяд.
Крытэрыямі рэйтынгу сярэдняй школы 2025 года з’яўляюцца: вынікі матуральных экзаменаў (атэстат сталасці) па абавязковых прадметах -(30%), вынікі матураў па дадатковых прадметах -(45%) і паспяховасць на алімпіядах -(25%).
У гэтую катэгорыю зноў жа ўваходзяць дасягненні на міжнародных алімпіядах.
У рэйтынгу лепшай прызнана сярэдняя школа – XIV-ы агульнаадукацыйны ліцэй імя Станіслава Сташыча ў Варшаве, які абагнаў 5-ты ліцэй імя Аўгуста Віткоўскага ў Кракаве і XIII-ы агульнаадукацыйны ліцэй ў Шчэціне.
Найлепшы агульаадукацыйны ліцэй Падляшскага ваяводства гэта:
ІІ ліцэй імя княгіні Анны з Сапегаў Ябланоўскай ў Беластоку. Затым
I ліцэй імя Адама Міцкевіча таксама ў Беластоку. І на трэцім месцы
ІІІ Акадэмічны агульнаадукацыйны ліцэй Беластоцкай палітэхнікі ў Беластоку.
Найлепшы агульнаадукацыйны ліцэй Падляшскага ваяводства княгіні Анны ў маштабе Польшчы заняў 18 месца ў краіне.
Калі ідзе пра маштаб ў краіне, то нашыя белліцэі занялі адпаведна месцы:
ІІ-і Бельскі белліцэй імя Б. Тарашкевіча -410
ІІ-і Гайнаўскі белліцэй з дадатковым вывучэннем беларускай мовы -424.
Для параўнання польскія ліцэі ў Бельску і Гайнаўцы ў згаданым рэйтынгу «Perspektywy» 2025 дык І-ы ліцэй (польскі) імя Тадэвуша Касцюшкі Бельск Падляскі і Гайнаўскі І-ы ліцэй (польскі) імя Марыі Кюры-Складоўскай апынуліся ніжэй першай тысячы.
Апошнія гады ідзе закалот вакол ліцэяў з беларускай мовай навучання ў Бельску і Гайнаўцы. А то выпісваюцца масава вучні ( па жаданні бацькоў) з навучання беларускай мовы, вядома «дабраахвотна, а то тая ж беларуская мова паводле законаў адукацыйных ў Польшчы раптам павінна быць «дабраахаотная» ў тых беларускіх ліцэях, хаця праз вуліцу працуюць польскія ліцэі, а то яшчэ што. Ускладненні пачаліся за час кіравання Міністэрствамі нацыянальнай адукацыі ў Польшчы за часоў ураду Маравецкага, ці наогул улады ПіС. Аднак год улады кааліцыі «15 кастрычніка» на лепшае для навучання беларускай мовы нічога не памяняў. У гэтым пытанні папярэдняя, цяперашняя і магчыма будучая ўлада ў Польшчы не розніцца нічым.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя