У Беластоку распачаўся новы навучальны год, і ён прынёс няпростыя выклікі для беларускамоўнай адукацыі. У школе №4 імя Сібіракоў у першы беларускі клас запісаліся толькі трое вучняў, таму яго давялося сумясціць з трэцім класам. Усяго ж у гэтай школе беларускую мову вывучаюць 27 дзяцей — з першага па сёмы клас. Гэта сігнал пра тое, што без актыўнай падтрымкі супольнасці выкладанне беларускай мовы можа апынуцца пад пагрозай.

З нашай “Госцяй Рацыі” – настаўніцай беларускай мовы ў гэтай школе, сябрай аб’яднання “АБ-БА” – ініцыятывы на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову – Ганнай Плашчынскай – мы пагаворым пра пачатак навучальнага года, пра тое, што чакае вучняў цяпер, і якія надзеі і выклікі стаяць перад беларускамоўнай адукацыяй у Беластоку.
РР: Віншуем Вас з пачаткам навучальнага года! Вы настаўніца беларускай мовы. З чым уступаеце ў новы год, якія выклікі, якія радасці новыя?
Ганна Плашчынская: Дзякуй вялікі, за віншаванне! Ёсць выклікі перад намі, паколькі выпісалася пэўная колькасць дзяцей, я не ведаю большасці матываў, але старэйшыя казалі, што ў іх далучылася нямецкая мова і нагрузка вялікая. Таму некаторыя выпісаліся. Але тыя, што засталіся, іх 27 усіх разам. То я іх віншу, іх і сябе. Таму што мы ўваходзім у новы нвучальны працэс. Канешне, трэба будзе нейкім чынам падумаць, і я пра гэта зараз думаю, як злучыць тры праграмы ў адной лекцыйнай гадзіне. Паколькі маю спалучаныя першую, другую, трэцюю класу і пятую, шостую, сёмую. Але будзем спраўляцца, што рабіць. Жыццё заўсёды ставіць перад намі нейкія выклікі. Мы ж беларусы, мы не апускаем рукі і ідзём наперад!

РР: Папярэдні навучальны год мы завяршалі тым, што не хапае вучняў у першы клас. Было тры чалавекі і зараз вядома, колькі чалавек прыйшло.
Ганна Плашчынская: Наколькі мне вядома, столькі і засталося. Ніхто не далучыўся. У мяне была інфармацыя, што трое запісаліся. Я напраўду не ведаю зараз дакладнай колькасці вучняў па класах. Ведаю, што тады запісаліся трое, але зразумела, што іх менш за сем, паколькі першую класу вымушаныя былі далучыць да трэцяй і другой.
РР: І зараз як гэта будзе выглядаць?
Ганна Плашчынская: Вось так гэта нейкім чынам будзе выглядаць. Я не ведаю, колькі нас агулам у першай, другой і трэцяй. Так і будзе выглядаць, што трэба нейкім чынам сумясціць тры праграмы, да ўсіх знайсці падыход. Штосьці будзем думаць.
РР: Зроблены рамонт, гэта добра, новае памяшканне, абноўленае. А ці захаваецца на сценах партрэт Быкава, бел-чырвона-белы сцяг, Герб “Пагоня”?
Ганна Плашчынская: Партрэт Быкава я спецыяльна забірала, каб з ім нічога не здарылася падчас рамонту. І пазней вяртала яго ў клас. Бел-чырвона-белы сцяг будзе абавязкова. І «Пагоня», канешне. Гэта наш абавязковы атрыбуты. Побач «Orzeł Biały», але і наш Герб «Пагоня», канешне.
Цалкам гутарка:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара






