BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ганна Плашчынская: Вялікая адказнасць выкладаць беларускую мову ў Беластоку

З новага навучальнага года ў школе №4 імя Сібіракоў у Беластоку, дзе выкладаецца беларуская мова як мова нацыянальнай меншасці, прызначана новая настаўніца беларускай мовы – Ганна Плашчынская. Сама Ганна з Беларусі, і змяніла на пасадзе шматгадовую выкладчыцу з Падляшша Аліну Ваўранюк.

Наша калега Вольга Сямашка пагутарыла з Ганнай Плашчынскай пра пераемнасць выкладання і працэс выкладання беларускай мовы ў школе. Якія выклікі стаяць перад бацькамі беларускамоўных вучняў, а таксама пра супрацоўніцтва з аб’яднаннем “АБ-БА” ды перспектывы далучэння да ўрокаў беларускай мовы ў школе дзяцей беларускай дыяспары:

Ганна Плашчынская: Мяне завуць Ганна Плашчынская і я выкладаю беларускую мову для дзетак беларускай меншасці ў Беластоку ў 4-й школе. Дзеткі ў нас вучацца ад 1-й да 8-й класы.

РР: З якімі планамі вы прыйшлі на гэтую пасаду? Бо вы прыйшлі замест Аліны Ваўранюк.

Ганна Плашчынская: Так, я прыйшла на месца спадарыні Аліны, гэта вялікая адказнасць, каб захаваць тут такую беларускую супольнасць. Нейкіх настаўленняў ад спадарыні Аліны не было. Засталіся ўсе падручнікі, напісаныя спадарыняй Алінай, якія дапамагаюць у навучанні. Вельмі шмат матэрыялаў, праўда яны не заўсёды падыходзяць, шмат дыскаў, вялікая мультымедыйная бібліятэка. Засталася бібліятэка, шмат кніг. Акрамя такіх традыцыйных заняткаў мы ўзнавілі працу тэатральнага гуртка, на які могуць хадзіць не толькі дзеці беларускай меншасці, але таксама далучацца дзеці і з дыяспары. Запрашаю ў аўторак, адбываюцца нашы заняткі. Таксама я б хацела сказаць, бо магчыма некаторыя не ведаюць, што дзеці з дыяспары таксама могуць удзельнічаць у ваяводскім конкурсе па беларускай мове. У гэтым годзе першы тур ужо адбыўся, але майце на ўвазе, шаноўныя бацькі, што вашыя дзеці могуць прымаць удзел у гэтым конкурсе. У гэтым годзе, я вельмі радая, што прайшлі два нашыя вучні, а таксама дзяўчынка з дыяспары, якая вельмі добра напісала і прайшла ў наступны тур.

РР: Ці можна сачыць за гэтым конкурсам? Дзе можна знайсці актуальную інфармацыю?

Ганна Плашчынская: На старонцы Kuratorium oświaty w Białymstoku. Там публікуюцца ўсе патрабаванні да гэтага конкурсу, тэрміны і г.д. Калі нашыя дзеткі з дыяспары, я не ўсіх ведаю, але некаторыя падыходзяць, то канешне яны могуць звяртацца да мяне па нейкую інфармацыю. Я заўсёды ў залі 8.

РР: Як можна запісацца ў тэатральны гурток і як можна запісацца?

Ганна Плашчынская: Так, гэта больш арыентавана на нашых вучняў 4-й школы. Праходзяць заняткі па аўторках ад 16-й гадзіны да 17-й. Пакуль мы ў працэсе, але далучаецца ўсё больш дзетак.

РР: На ваш пункт гледжання, наколькі тэрмінова трэба ўводзіць дазвол, каб дзеці з дыяспары таксама маглі наведваць заняткі беларускай мовы ў школе №4?

Ганна Плашчынская: Пытанне гучыць так, каб шукаць шляхі, як гэтае пытанне можна вырашыць. Таму што гэтае пытанне складанае. Калі я занялася ім два гады таму, то ў нас не атрымалася штосьці змяніць. Я лічу, што гэта ў большай ступені пытанне бацькоў. Чым больш нас будзе, чым больш мы будзем актыўна ў гэтым кірунку рабіць, самі бацькі, арганізоўвацца. Адна справа, калі нас усяго сорак чалавек і мы нешта спрабуем змяніць, але ж мы ведаем, што выехалі тысячы беларусаў, якія зараз знаходзяцца за мяжой. І іншая справа, калі нас будуць тысячы і мы будзем накіроўваць свае звароты ў Міністэрства адукацыі, можа быць вышэй. Гэта пытанне нават не на ўзроўні Міністэрства адукацыі, а на ўзроўні польскага заканадаўства.

РР: Ці зараз вядзецца збор подпісаў за такое навучанне?

Ганна Плашчынская: Мне невядома. Я цяпер настаўнік і я лічу, што гэта не зусім мая справа. Гэта справа бацькоў. Штосьці ад бацькоў я не чула на дадзены момант пра нейкія ініцыятывы.

РР: Як вас сустрэлі калегі ў школе?

Ганна Плашчынская: Вельмі прыязна сустрэлі, дапамагаюць. Усё складаецца.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя