Генпракурор Украіны Андрэй Косцін абвясціў аб адстаўцы. Рашэнне ў гэтай справе ён прыняў пасля гучнага скандалу з незаконным атрыманнем пракуратурай статусу інваліда, каб пазбегнуць мабілізацыі на вайну з Расеяй.

«Ва Украіне ў пракуратуры выяўлена шмат ганебных фактаў злоўжыванняў», — абгрунтаваў сваё рашэнне Косцін у пісьмовай заяве. Ён напісаў пра «персанальную і палітычную адказнасць» у гэтай сітуацыі і пацвердзіў, што «цяпер ідуць праверкі на ўсіх узроўнях». Гэта датычыцца рашэнняў аб прызначэнні інваліднасці, пенсій і іншых льготах, якімі карыстаюцца пракуроры.
У пачатку кастрычніка ўкраінскае Дзяржаўнае бюро расследаванняў заявіла, што канфіскавала ў чыноўніка, які падазраецца ў дапамозе ва ўцёках ад вайсковай мабілізацыі, суму, эквівалентную амаль пяці мільёнам еўра.
Гэта кіраўнік медыцынскай камісіі Хмяльніцкай вобласці Таццяна Крупа, адказная за ацэнку прыдатнасці мужчын да службы ў войску. У канцылярыі следчыя выявілі, між іншым, фальшывыя дакументы аб інваліднасці і фіктыўныя медыцынскія дыягназы.
16 кастрычніка вядомы ўкраінскі журналіст, галоўны рэдактар сайту Цензор.нет Юрый Бутусаў абнародаваў спіс з прозвішчамі 50 пракурораў Хмяльніцкай вобласьці, якія маюць статус інвалідаў 2-й групы. «Гэтая крымінальная драма шакуе глыбінёй беззаконня і беспакаранасці ўладаў», — напісаў Бутусаў.
Пракурор Хмяльніцкага раёна Аляксей Алійнік, які таксама меў лісток інваліднасці, падаў у адстаўку.
Як высветлілі ўкраінскія журналісты-расследвальнікі, фіктыўныя лісткі непрацаздольнасці пракуроры мелі і ў іншых раёнах краіны, у тым ліку: Харкаў, Сумы і Днепрапятроўск.
Беларускае Радыё Рацыя






