Графіці, якое прысвечана паўстанцам Кастусю Каліноўскаму і Тадэвушу Касцюшку, з’явілася ў Варшаве. Такім чынам Рух беларускіх нацыяналістаў і творчае аб’яднанне “Тутэйшыя” ўшанавалі памяць беларускіх герояў на іх дні народзінаў.

Пра святы і іншыя падзеі нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая паразмаўляла з Госцем Рацыі, прадстаўніком “Тутэйшых” і “Руху” Міронам.
Мірон: У першую чаргу трэба адзначыць, што вось так шчыльна супалі даты. Першага, другога і чацвёртага лютага – гэта і гадавіна паўстання, і дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшкі. Адзначалі гэта і публічнымі акцыямі, кшталту графіці «За нашу і вашу свабоду», дзе быў герб паўстання і выявы Касцюшкі і Каліноўскага. Таксама акцыямі, якія былі арганізаваныя рухам «Беларускіх нацыяналістаў», і па ўсіх краінах, і ў розных гарадах Польшчы.
РР: Для цябе асабіста чым гэтая асоба выбітная? Я разумею, што гэта значная постаць для гісторыі, але з чалавечага пункту гледжання?
Мірон: Маё асабістае меркаванне: гэта людзі, якія былі гатовыя ахвяраваць усім, у першую чаргу сваім дабрабытам, дзеля таго, каб штосьці змяніць. Змяніць у лепшы бок. Яны думалі і пра іншых, пра свой народ. Каб дамагчыся гэтых зменаў, яны, па сутнасці, ахвяравалі сваім жыццём. Хтосьці загінуў, хтосьці быў вымушаны эміграваць, у турме пасядзець, то бок, гэта адданыя людзі, яны вартыя нашай памяці, нашай увагі.
РР: Калі да цябе прыйшло ўсведамленне значнасці гэтых асоб?
Мірон: Я б сказаў, у юнацтве, калі юнацкі бунтарскі ўзрост і з’яўляецца зацікаўленасць: хто мы такія – беларусы? Разгортваеш кнігі і там бачыш: а, ад мора да мора, першая Канстытуцыя ў Еўропе, магдэбургскае права, а потым пра князёў даведваешся, пра іншых дзеячоў з розных стагоддзяў з нашай гісторыі. Гэта ўражвае і паўстае пытанне: чаму ва ўсім свеце ўсё працуе, а ў Беларусі неяк не. Чым мы горш. Так па крысе пачынаецца ўсведамленне.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя