фота з сайту polityka.pl
На польска-беларускай мяжы сітуацыя вельмі напамінае тую з перад 100 ці больш гадоў таму. Праўда ёсць розніца і то значная.
Тады, у 1924 годзе, не былі гэта нелегальныя эмігранты з Азіі і Афрыкі, якіх рэжым Лукашэнкі прывозіць ў Беларусь, а потым выпіхае ў Польшчу праз «Зялёную мяжу».
Не, тады былі гэта савецкія напаўваенныя групоўкі, якіх называлі у Польшчы «савецкімі бандамі». І якія займаліся дыверсіямі. Сёння, 100 гадоў пазней, можна назваць гэта гібрыднай вайной. Ну і кантрабандысты, якія шмуглявалі тавары дзеля продажы па лепшай цане ў адной ці другой краіне. Але давайце пра тадышнюю гібрыдную вайну раскажам.
Толькі ў 1923 годзе было такіх рэйдаў з савецкага боку ў глыб «рыжска» польскай мяжы ажно 130! І мелі яны больш жорсткі характар, чым сённяшнія нелегальныя перасячэнні. Перш наперш дыверсія і яе вернае суправаджэнне – рабунак.
А і ахвяры здараліся часта. «Савецкія дыверсанты» знішчалі тэлефонныя і тэлеграфныя лініі, нападалі на пастарункі паліцыі і вайсковыя варты ды рабавалі. Гэта датычыла ўсходніх раёнаў тадышніх ваяводстваў: Віленскага, Наваградскага і Палескага, значыць у значнай ступені на мяжы з БССР. Варта дадаць, што тадышняя мяжа (як і ў значнай ступені цяперашняя) была штучным творам.
Апроч фрагменту па рацэ Збруч, мяжа падзяляла суседнія вёскі, мястэчкі, нават прыходы ці гаспадарскія сядзібы. Бывала, што карчма была па адзін бок мяжы, а вёска па другі. Ну і праходзіла яна 200 а то і 300 кіламетраў на ўсход ад сённяшняй польска-беларускай мяжы. І была даўжэйшай намнога. На самым Палессі праз лясы і балоты гэта было недзе пад 200 кіламетраў.
Спачатку (ад перамір’я пасля польска-бальшавіцкай вайны) мяжу сцераглі вайскоўцы, пазней створаныя «Мытныя батальёны» а ў канцы Дзяржаўная паліцыя (кампаніі Памежнай паліцыі). Усё яны ня надта спраўляліся на асабліва нялёгкай тэрыторыі. Пра кантрабандыстаў таго і крыху пазнейшага часу пісаў ў сваіх раманах Сергіюш Пясецкі – кантрабандыст і шпіён дарэчы. У канцы трыццатых гадоў мінулага стагоддзя вязень турмы на Святым Крыжы ў Свентакжыскіх горах. Сядзеў у камеры побач камеры Стэпана Бандэры.
А вынікам кантрабанды 20-тых і пабыўкі ў вязніцы 30-тых гадоў ў Пясецкага сталі такія кніжкі як: «Багам ночы роўныя», «Імгла», ці славуты « Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» (таксама ў знакамітым перакладзе на беларускаю мову Вацлавам Ажэшкам). Рэкамендую і арыгіналы і пераклад.
Горшым для польскай дзяржавы былі аднак рэйды савецкіх бандаў, якія палілі дворыкі і плябаніі, нападалі на цягнікі і дзяржаўныя ўстановы, рабавалі падарожнікаў і… без пакарання вярталіся ў Савецкі Саюз.
Ноччу з 4-га на 5 жніўня 1924 года каля 100-асабовая ўзброеная савецкая групоўка пасля перасячэння мяжы і спалучэння з мясцовымі дыверсантамі ўчынілі напад на павятовыя Стаўцы, 25 км ад мяжы ў Наваградскім ваяводстве. Атакавалі сядзібу Павятовую Старасты Камендантуру Паліцыі, Пошту, казарму і чыгуначную станцыю. Разбурылі мясцовую турму і вызвалілі вязняў, пераважна чальцоў Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі. У баях загінула 7 паліцэйскіх, чыноўнік стараства і дзве выпадковыя асобы. Шмат было параненых. На дапамогу паліцыі выклікалі войска, часткова банду разбілі і частку ўзялі ў палон. Але большасць перабралася ў Савецкі Саюз, праз «зялёную, тады сапраўды, мяжу».
Узятыя ў палон засведчылі, што адмысловае баявое і дыверсійнае абучэнне праходзілі ў Менску.
Дзяржаўныя ўлады вымушаны былі ахову мяжы зрабіць «больш шчыльнай», як цяпер гаворыцца. Проста павінна дзяржаўная мяжа мець ахову.
Другі выпадак, мо менш трагічны, а больш гумарыстычны здарыўся 24 верасня таго ж года. Дыверсійная групоўка аж 75 кіламетраў ад тадышняй мяжы напала на цягнік на шляху Пінск-Лунінец (цяперашняя Беларусь). Камандзірам банды, паводле палякаў быў савецкі афіцэр Кірыл Каліненка (псеўданім Кірыл Астроўскі). Дыверанты адчапілі паравоз, які паехаў у Лунінец без экіпажа, узарвалі мост, абрабавалі паштовы вагон, пабілі і абрабавалі падарожнікаў. Адна асоба загінула, некалькі было параненых. Аднак, хіба не ведалі каго абрабавалі. Бо калі бы ведалі…
Сярод іх былі; ваявода Станіслаў Даўнаровіч, біскуп Зыгмунт Лазінскі, сенатар Баляслаў Выслоўх з жонкай, павятовы камендант Польскай Паліцыі з Берасця Юзэф Мэнсовіч і некалькіх паліцэйскіх і дзяржчыноўнікаў. Адзінай смяротнай ахвярай стаў яўрэйскі пакупнік (сённяшні бізнэсовец), які cупраціўляўся бандытам.
Мэтай нападу быў рабунак, таму не пацярпелі высокія і невядомыя нападнікам польскія чыноўнікі.
Тадышняя польская прэса пісала пра гэты напад і каментавала некампетэнтнасць дзяржаўнай ўлады ІІ Рэчы Паспалітай. Падзея гэтая стала адным з галоўных сюжэтаў сучаснага польскага аўтара раманаў- дэтэктываў Марка Краеўскага з героем камісарам паліцыі Эдвардам Папельсім «Дзяўчына з 4-ма пальцамі» (няма перакладу на беларускую мову, але і па-польску чытаецца выдатна). Рэакцыя ўладаў краіны была вокаімгненная. Пасля першага ўжо нападу.
У адстаўку пайшлі некампетэнтныя, а іх месца занялі іншыя ваяводы і генералы. Але самыя персанальныя змены не вырашылі і ніколі не вырашаюць праблемы. Каб мяжа стала шчыльнай, а не рэшатам, польская дзяржава мусіла зрабіць намнога больш, больш нестандартнага. Неабходнасць адбудаваць аўтарытэт дзяржавы, лаяльнасць мясцовага насельніцтва і г. д. і г. д. – пішуць цяпер гісторыкі.
Ужо 8-га жніўня 1924 года, 4 дні пасля трагічнага нападу на Стоўбцы, Палітычны Камітэт польскага ўраду пачаў рэзкія дзеянні ў гэтым напрамку.(Нешта нагадвае цяперашнія дзеянні Польшчы на мяжы з Беларуссю, толькі з лепшым вынікам). І так у канцы жніўня было створанае сярод часткаў некалькіх міністэрстваў ўзброенае фармаванне – гэтак званая «змілітарызаваная паліцыя». З адпаведна выдзеленымі сродкамі. Так узнікла ідэя Корпуса Ахову Памежжа – «Korpus Ochrony Pogranicza-KOP». Ад ідэі да яе здзяйснення не мінула шмат часу. Несумненны ўклад у яе меў тадышні Міністр вайсковых справаў, генерал Уладыслаў Андэрс, а першым яго (KOP-u) камандзірам стаў у лістападзе 1924 года генерал брыгады Генрык Мінкевіч.
Корпус ужо праз год (ваяводствы: Валынская, Наваградскае і часткова Віленскае), а поўнасцю праз тры (Палескае і Тарнапольскае ваяводствы) забяспечыў поўную ахову польска-савецкай мяжы. Тадышняя мяжа доўжылася аж на 2028 кіламетрах (не толькі з БССР, але УССР і незалежнай Літвой). Корпус Аховы Памежжа налічваў 29 тысяч афіцэраў, падафіцэраў і радавых.
Астатнія межы Польшчы, мяжы з Чэхаславакіяй і Нямеччынай сцерагла Памежная Варта – іншае вайсковае фармаванне. Да «KOP-u», як пішуць публіцысты, накіроўвалі лепшых афіцэраў і жаўнераў. «KOP» быў ваенным фармаваннем з паліцэйскімі паўнамоцтвамі і падлягаў Міністэрству Унутраных Спраў. Клапаціліся, каб не было сярод гэтых апошніх больш чым 15% анальфабетаў у паасобных гадавіках. Таму, што гэтае фармаванне мела займацца і адукацыяй сярод мясцовага насельніцтва, то бок малапісьменных беларусаў і ўкраінцаў, а таксама плыткай разведкай. Што праўда былі і закіды ў іх бок, за «надта жорсткія метады абыходжання з мясцовым насельніцтвам» і паўсюднае падазраванне ў спрыянні камуністам.
Да ўвагі беларусаў паланафілаў.
Да KOP-у амаль не маглі рэкрутавацца прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Амаль, бо габрэяў увогуле не бралі, сярод нямецкай меншасці – не больш як 10%, а іншых меншасцяў не больш за 5%. Прычым з зоны да 100 кіламетраў ад савецкай мяжы ўвогуле не рэкрутавалі нікога, нягледзячы на нацыянальнасць. Пасля 1935 года з «шырокай на 100 км памежнай зонай) служыць маглі ў KOP толькі палякі. Для беларусаў і ўкраінцаў з гэтай зоны служыць у KOP-е было немагчыма. З далейшых ад савецкай мяжы раёнаў беларусы маглі служыць. Ведаю гэта дакладна, бо мой дзядзька – Сімон Ляшчынскі гады служыў у KOP-е. Быў там кухарам.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя