Гіганцкі пажар здарыўся ў гандлёвым цэнтры Варшавы на вуліцы Марывільскай, 44. Пажарныя паведамілі, што абрынуўся дах. Агнём было ахоплена больш за 80% залы. Жыхароў побач з гандлёвым цэнтрам папрасілі зачыніць вокны і па магчымасці застацца дома.
Фота: Dariusz Borowicz / Agencja Wyborcza.pl
Як паведамілі ў Дзяржаўнай пажарнай службе Польшчы, на піку выратавальныя работы вялі 78 брыгад і 254 пажарныя. Прычына пажару пакуль невядомая.
“Марывільска 44” – самы буйны гандлёвы цэнтр Варшавы. Тут месцілася 1,4 тыс. крам і розных пунктаў абслугоўвання, піша польскае выданне Fakt.
Агонь узнік сярод ночы адначасова ў некалькіх месцах. Усе супрацоўнікі, якія знаходзіліся ў той час у цэнтры, былі эвакуяваныя.
Цэнтр у тым ліку спецыялізаваўся на аптовым гандлі. У ім вялі свой бізнес і в’етнамскія прадпрыемальнікі. У Асацыяцыі в’етнамскіх прадпрыемцаў назвалі тое, што здарылася, трагедыяй для сотняў прадаўнікоў і іх сем’яў.