
Інфармацыйны складнік расейскай палітыкі ў дачыненні да Украіны, пачынаючы з 2014 года, быў і застаецца такім жа важным, як і ваенны. І мэты акупантаў – не толькі захоп тэрыторый, але і падрыў даверу да Украіны, выцясненне ўсяго ўкраінскага аж да знішчэння.
На акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай абласцей і Крыма адразу ж было адключана ўкраінскае тэлебачанне. Тое ж самае адбылося з новаакупаванымі часткамі Херсонскай і Запароскай абласцей. СМІ сталі магутным інструментам для прасоўвання варожых наратываў, галоўныя з якіх – «Украіна – марыянетка Захаду», «ўкраінскі нацызм» і «вяртанне гістарычнай справядлівасці». Апошнім наратывам было асабліва зручна і эфектыўна спекуляваць у Крыме, бо крымчане – гэта «асаблівая супольнасць людзей, якія ніколі не адчувалі сябе ўкраінцамі», і, такім чынам, нейкая там ўкраінская мова, іх культура, вышыванкі – іншароднае.
Дэўкраінізацыя праводзілася ў Крыме не толькі на ўзроўні змены пашпартоў і шыльдаў. У 2015 годзе Дом-музей украінскай паэткі Лесі Украінкі ў Ялце быў перайменаваны ў «Ялцінскі гістарычны музей», а ў 2016 годзе пад выглядам рэканструкцыі быў зачынены на працяглы перыяд. Рамонт будынка, сапраўды, быў зроблены, але музей змяніў фармат і статут. Цяпер там дзейнічае экспазіцыя, якая расказвае пра расейскіх культурных дзеячоў, якія наведвалі Крым у розны час. Дзе зараз знаходзяцца экспанаты з музея Лесі Украінкі – невядома. Не выключана, што яны знішчаны, бо Расія заўсёды праводзіць зачыстку культурнай спадчыны на акупаваных тэрыторыях.
Знішчаны дзікунамі антычны Херсонес Таўрычны ў акупаваным Севастопалі – таксама «гістарычная справядлівасць»? Хаця, напэўна, для акупацыйных СМІ на гэты тэма ёсць асобныя метадычкі.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя