Гісторык Павел Абламскі атрымаў Прэмію імя Ядвігі і Збігнева Крушэўскіх за дысертацыю пра нацыянальную палітыку польскай дзяржавы на Палессі ў 1921–1939 гадах. Прэмія прысуджаецца Студыюмам Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта за найлепшыя даследаванні, прысвечаныя гісторыі польскіх межаў у ХХ стагоддзі.

Кажа Павел Абламскі:
– Гэта ўзнагарода, якая прысуджаецца за найлепшую доктарскую працу, якая датычыць тэматыкі межаў. Прэмія ўручаецца ўжо другі год. Ну і так надарылася атрымаць першую ўзнагароду ў гэтым годзе. Мая праца не датычыць уяўных межаў, якія ў міжваенны час існавалі на Палессі ў галовах, ва ўяўленнях нацыянальных актывістаў.
Павел Абламскі адзначыў, што для яго асабліва важна даследаваць рэгіёны культурнага памежжа — Палессе і Падляшша, дзе перасякаюцца беларускія, польскія і ўкраінскія ўплывы. Навуковец плануе працяг даследавання і працу ў архівах Беластока, каб вывучыць дакументы Падляшскага ваяводства міжваеннага перыяду ХХ стагоддзя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Паўла Абламскага.






