Не так даўно ў сеціве з’явілася петыцыя, адрасаваная да гомельскіх чыноўнікаў. Аўтары петыцыі прасілі чыноўнікаў абараніць установы адукацыі ў Хойніках ад падзення шахедаў — расейскіх ударных дронаў, якія ў апошні час дзясяткамі залятаюць у краіну.

Часам, дарэчы, не толькі лётаюць, але выбухаюць. Пра гэта нават афіцыйна паведамілі ў беларускім МНС. Праўда, яны сарамліва не сталі ўдакладняць, чый менавіта дрон выбухнуў і стаў прычынай пажару.
Аўтары петыцыі прасілі забяспечыць школы Хойнікаў сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, паставіўшы іх на школьных дахах. У прынцыпе, цалкам слушна.
Але гомельскія чыноўнікі замест адказу арганізавалі сапраўдны майстар-клас па пустаслоўі. У іх адказе напісана, што праца па забеспячэнні бяспекі дзяцей арганізавана “ў адпаведнасці з правіламі”. Усё. Ні слова пра тое, чаго прасілі грамадзяне, ні слова аб тым, як сапраўды ўлады збіраюцца абараніць школы ад беспілотнікаў.
Цынізм і ўзровень фармальнасці гэтай адпіскі ўражвае. Калі не дай бог здарыцца так, што дрон сапраўды ляснецца на тэрыторыі школы, яны напэўна адкажуць, што расчыстка завалаў ідзе ў строгай адпаведнасці з праграмамі і тэрмінамі. А сам беспілотнік не зваліўся, а здзейсніў планавую хуткасную пасадку. І не ўдарны дрон гэта зусім, а авіямадэль. Падарунак ад нашай усходняй суседкі. З брацкай любоўю дастаўлены прама ў школьны двор. У строгай адпаведнасці з правіламі канечне ж.
Алеся Вербаловіч, Беларускае Радыё Рацыя