BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Грамадскія дзеячы Літвы заклікалі свае ўлады забараніць беларусам выкарыстоўваць сімвал Пагоні

Амаль 70 грамадскіх дзеячаў Літвы накіравалі ліст прэзідэнту Гітанасу Наўседу, у Міністэрства замежных спраў і Сейм з заклікам забараніць выкарыстанне сімвала Пагоня (Vytis па-літоўску) як на пашпартах, якія збіраецца выпускаць беларуская апазіцыя, так і ў любой іншай форме ў афіцыйным кантэксце.

Здымак ілюстрацыйны

Як паведаміла мясцовае выданне LRT, сваё патрабаванне грамадскія дзеячы, сярод якіх вядомы сваімі рэзананснымі заявамі аб беларусах тэлевядоўца Алгіс Раманаўскас, гендырэктар Цэнтра даследавання генацыду і супраціву жыхароў Літвы, гісторык Арунас Бубніс, журналіст і прадпрымальнік Шарунас Ясюкявічус, кіраўнік Міжнароднага фонду сяброў Украіны Валдас Барткявічус, патлумачылі «літвінізмам» сярод беларусаў ва ўмовах інфармацыйнай і гібрыднай вайны супраць Літвы.

У Літве дзяржаўны герб — Пагоня. У Беларусі сімвал Пагоня быў дзяржаўным гербам з верасня 1991 года да 1995-га, калі Аляксандр Лукашэнка правёў нелегітымны рэферэндум, па выніках якога гэты герб замянілі на мадыфікаваны савецкі. Сімвал Пагоня паходзіць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, агульнай часткі гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай Пагоні адрозніваюцца паміж сабой.