Віцэ-міністр Унутраных спраў і Адміністрацыі Томаш Шыманьскі сустрэўся ў Беластоку з прадстаўнікамі самакіравання Падляшша. Размова тычылася, між іншым, памежнай буфернай зоны, дзе галоўным чынам пражывае беларуская нацыянальная меншасць. Міністр падкрэсліў, што цяпер Падляшша знаходзіцца пад асаблівай увагай.

Прысутны на сустрэчы райца падляшскага сэйміку Ігар Лукашук адзначае, што крызіс на польска-беларускай мяжы асабліва закранае беларускую нацыянальную меншасць таму важная тут камунікацыя.
– Патрэбная камунікацыя і адпаведная камунікацыя. І тое, на сёння звярнулі ўвагу, каб не ішлі камунікаты пра беларускі рэжым, толькі каб ішлі камунікаты пра лукашэнкаўскую сістэму. Таму што гэта на самой справе лукашэнкаўская сістэма стварае крызісы паміж Беларуссю і Польшчай. Гэта робяць не беларусы. Важна каб гэта ўвесь час памятаць і ў такі спосаб камунікаваць таксама польскаму грамадству і таксама для самой беларускай меншасці.
Прадстаўнікі мясцовага самакіравання на Падляшшы адзначылі непрадбачаныя раней выдаткі, павелічэнне выкарыстання дарог з-за перамяшчэння службаў і войска, ды нагрузку на мясцовыя бальніцы ў сувязі з гуманітарным крызісам. Яны заклікалі да распрацоўкі сістэмных рашэнняў, якія б падтрымлівалі мясцовае прадпрымальніцтва і станоўча ўплывалі на дэмаграфічную структуру рэгіёна.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя