Інстытут беларускай мовы за мяжой можа афіцыйна з’явіцца ўжо гэтай вясной, пра гэта паведаміла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.
“Я вельмі спадзяюся, што ўвесну мы абвясцім пра яго стварэнне, там ёсць ініцыятыўная група. Зараз мы фармуем галоўныя ідэі, мэты, задачы. <…> Асноўнае, што нам патрэбна, — навуковае развіццё беларускай мовы і агулам беларусістыкі. Другі бок інстытута — прамоцыя, папулярызацыя беларускай мовы і ўсё, што з гэтым звязана”, — паведаміла палітык 27 студзеня на адкрытай сустрэчы ў Вільні.
Як адзначыла Коўшык, у пытанні Інстытута беларускай мовы АПК працуе з мовазнаўцамі: “Яны гэта ствараюць”. Паводле яе слоў, установа будзе займацца даследаваннямі беларускай мовы, у перспектыве там можна будзе скончыць дактарантуру. Прадстаўніца кабінета выказала спадзеў на тое, што інстытут “стане часткай альбо асновай” для беларускага навукова-даследчага ўніверсітэта, які плануе стварыць АПК.
Крыніца: “Позірк”