BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірына Шпак: Беларускі дом у Эстоніі ствараўся з мэтай аб’яднаць мясцовых беларусаў

Напісанне лістоў да палітвязняў, адзначэнне беларускіх традыцыйных святаў, правядзенне канцэртаў, з’яўленне палічкі з кнігамі на беларускай мове, наладжванне супрацы з дыяспарамі з Літвы, Латвіі, Фінляндыі, Швецыі ды Навергіі. Такая сёння дзейнасць Беларускага дома ў Эстоніі, пра якую падрабязней распавяла Госця Рацыі, прастаўніца інстытуцыі Ірына Шпак у гутарцы з Алісай Поль.

РР: Напачатку размовы давайце распавядзем, што такое Беларускі дом у Эстоніі, як даўно ён існуе і якія мэты пераследуе?

Ірына Шпак: Беларускі дом у Эстоніі ўтварыўся восенню 2020 года на хвалі пратэснага руху, які аб’яднаў дыяспару новай хвалі. Перш за ўсё тых, хто прыехаў у Эстонію ў 2015-2020 гадах. Мэтай было перш за ўсё аб’яднацца ў нейкую арганізацыю, каб праз гэтую арганізацыю больш мэтанакіравана дзейнічаць – праводзіць імпрэзы, акцыі і мець нейкі прадстаўнічы орган, каб камунікаваць з органамі ўлады горада і краіны.

РР: Якія накірункі дзейнасці сёння для вас самыя важныя і актуальныя?

Ірына Шпак: На сённяшні момант мы займаемся больш культурнай дзейнасцю. Калі казаць пра 2023 і 2024 гады, то адбываюцца перадусім культурныя мерапрыемствы. Пашыраем беларускую тэматыку – і ў СМІ, і тых імпрэзах, якія праводзім у горадзе і ў краіне.

У Эстоніі 2024 год названы годам інтэграцыі і плануецца шмат праграм рознабаковай дзейнасці, каб далучыць у эстонскае грамадства ўсе дыяспары, якія існуюць на сённяшні момант. Таму ў нас усталяваліся шчыльныя працоўныя кантакты з мэрыяй. Мы сустракаемся раз у два месяцы, каб спланаваць дзейнасці. Апошняя сустрэча была ў студзені.

У сувязі з санкцыйнымі абмежаваннямі і праблемамі з пашпартамі, акрамя таго ў многіх заканчваюцца візы і людзі далей не могуць працаваць і вучыцца, то яны звяртаюцца да нас, і мы падымаем гэтыя праблемы, звяртаемся з лістамі ў розныя ўстановы.

Беларускі дом гэта толькі адна з арганізацый беларускай дыяспары, і ў 2023 годзе мы вырашылі аб’яднацца ў так званае Згуртаванне беларускіх арганізацый, каб больш уплывова дзейнічаць.

Цалкам размова:

Сачыць за дзейнасцю Беларускага дома ў Эстоніі можна, напрыклад, праз спецыяльна створаную суполку ў ФБ пад назвай Valgevene Maja. Там жа знаходзяцца афішы бліжэйшых мерапрыемстваў.

Беларускае Радыё Рацыя