BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яцэк Бжазоўскі ўшанаваў памяць удзельнікаў Студзеньскага паўстання

У ноч з 22 на 23 студзеня 1863 года пачалося Студзеньскае паўстанне — адно з найбуйнейшых паўстанняў за незалежнасць у гісторыі Польшчы. Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі ўшанаваў памяць тых, хто змагаўся супраць расейскіх захопнікаў за свабоду Радзімы, усклаўшы кветкі да мемарыяльных месцаў у Беластоку, Харошчы і Мастаўлянах.

Ваявода ўсклаў кветкі і запаліў свечку на магіле Адольфа Белакоза, камандзіра Беластока падчас Студзеньскага паўстання. Камандзір пахаваны на парафіяльных могілках Беластока.

У Мастаўлянах Яцэк Бжазоўскі ўсклаў кветкі да абеліска ў памяць пра Канстанціна Каліноўскага, польска-беларускага героя руху за незалежнасць – нараджэнца гэтай мясцовасці, камісара паўстанцкага Нацыянальнага ўрада ў Літве і Беларусі.

Асаблівае месца памяці — помнік каля Харошчы, які ўшаноўвае паўстанцаў, схопленых і павешаных тут расейцамі ў траўні 1863 года, а таксама іншых паўстанцаў з рэгіёна, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе за незалежнасць. Падляшскі ваявода разам з бургамістрам Харошчы Робертам Вардзінскім і прадстаўнікамі сілавых структур усклаў вянок на ўзгорку, вядомым як Шыбеніца.

“Студзеньскае паўстанне складалася з больш чым 1200 бітваў, якія адбыліся не толькі на землях сучаснай Польшчы, але і ў Літве і Беларусі. Гэта працягвалася амаль два гады. Гонар і слава героям, якія змагаліся за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую!”, — падкрэсліў ваявода.

Крыніца: gov.pl

Фота: gov.pl