Рэканструктары з гістарычнага клубу “Invictus 1863” папулярызавалі беларускую мову сярод дзяцей у непублічнай школе імя св. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку.
Апранутыя ў шляхецкія строі адпаведнай эпохі госці патлумачылі маленькім слухачам, чаму паўстанне Каліноўскага – важны этап у развіцці беларускай мовы. Стваральнік клубу, рэжысёр Васіль Калач зазначыў, чаму ён мае сантымент да паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага:
– Паўстанне – гэта важны момант для таго, каб яго ўспомніць сёння, у Дзень роднай мовы. Таму што датычна роднай мовы акурат самыя моцныя рухі адбыліся ў час паўстання: першая беларускамоўная газета, першая на ўвесь свет палітычная заява беларускай нацыі, айцы нашай літаратуры і самы яскравы прыклад – Францішак Багушэвіч – былі паўстанцамі.
Настаўніца беларускай мовы школы імя св. Кірыла і Мяфодзія Іаанна Марко гаворыць, што з кожным годам Свята роднай мовы ў яе ўстанове набывае ўсё большы маштаб.
-У нас быў Беларускі гістарычны клуб і Кацярына Ваданосава. Дзеткам вельмі спадабалася. Першы раз у нашай школе былі такія госці ў такіх цудоўных строях. Нават самыя маленькія дзеткі так глядзелі, так слухалі, вельмі ім гэта спадабалася. Таксама ўпершыню ў нас была “Мова Нанова”.
21 лютага ва ўсім свеце з ініцыятывы Юнэска адзначаецца Дзень роднай мовы, скіраваны на захаванне адметнасці і самабытнасці розных нацый. Лютаўская дата была абрана як даніна памяці падзеям 1952 года, калі ў Бангладэш ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты – удзельнікі дэманстрацыі ў абарону роднай мовы. Студэнты патрабавалі прызнаць мову бенгалі адной з дзяржаўных моў краіны.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя