Прадстаўнікі беларускай дыяспары, сябры “Каардынацыйнай рады” Раман Кісляк з Грузіі і Міхаіл Рубін з Германіі – Госці Рацыі.
Пра праблемы беларусаў за мяжой і іх вырашэнне з прадстаўнікамі дыяспары размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: У Грузіі, напэўна, у беларусаў крыху больш праблемаў, чым у Еўропе?
Раман Кісляк: Безумоўна, у беларусаў у Грузіі больш праблемаў, таму што Грузія толькі пачынае ўваходжанне ў еўрапейскую сям’ю і стандарты правоў чалавека і дзяржавы не настолькі моцныя і ўмацаваныя, як гэта ў Еўрапейскім звязе. Ёсць праблемы з легалізацыяй, ёсць праблемы з атрыманнем прытулку, легальнага статусу.
Беларусы жывуць тут, у Грузіі зараз знаходзіцца каля 15 000 беларусаў. І ў большай частцы беларусы на правах турыстаў, і, канешне, гэта нядобрая сітуацыя, улічваючы, што беларусы перыядычна могуць “абнуляць” сваё прабыванне. Да года можна знаходзіцца як турысту, пасля трэба выехаць без візы. Выехаць і назад уехаць. І ў нас быў такі прэцэдэнт, калі заснавальніка дыяспары Яўгена Гацака грузінская паліцэйская памежная служба не ўпусціла. І адпаведна ён вымушаны быў пераехаць у Польшчу. Таму зараз цэлымі групамі беларусы з’язджаюць у Польшчу ды іншыя краіны. Нават у Польшчы ёсць такая група ці суполка – “Чат беларусаў Грузіі ў Польшчы”. Тыя, якія жылі ў Грузіі некалькі гадоў, пераехалі ў Польшчу і працягваюць там зносіны.
РР: Я ведаю, што ў Еўропе, у Літве, ёсць нейкія такія праблемы ў сувязі з гэтым. А ці можам мы пра Германію казаць як пра Літву? Напэўна, таксама там вялікая ўвага надаецца і ўкраінцам, якія ад вайны ўцякаюць у Германію? Як на гэтым фоне выглядаюць беларусы, ці ёсць якія праблемы, пытанні? Ці даходзяць да вас такія крытычныя моманты, калі беларусы мелі праблемы?
Міхаіл Рубін: Я б не назваў гэта крытычнымі мамантамі, як і крытыкай. Так, канешне, праблемы ўзнікаюць. У асноўным гэта асабістыя праблемы ў кагосьці з легалізацыяй, з афармленнем дакументаў, нейкія бытавыя праблемы. Але б я не сказаў, што гэта глабальныя праблемы Германіі, нямецкага кіраўніцтва, падыходу да праблемаў беларусаў. У нас з’явілася адна вялікая праблема з дыскрымінуючым указам аб спыненні прадастаўлення консульскіх паслуг за мяжой для беларусаў. Не толькі ў Германіі, але і паўсюль.
РР: Гэта з беларускага боку прыйшла праблема.
Міхаіл Рубін: Так, але яна прыйшла да нас у Германію. І гэта была крыху праблема і нямецкіх уладаў. Тут вельмі хутка падключылася наша дыяспарная арганізацыя “Разам”, “Байхэлп” разам з офісам Святланы Ціханоўскай. Была праведзеная вялікая праца, і зараз гэтая праблема вырашана. Ужо ёсць прэцэдэнт выдачы першага пашпарта іншаземца, дарожнага дакумента беларусу, у якога сышоў тэрмін дзеяння беларускага пашпарта яшчэ паўгода таму.
Праблема прыйшла з Менску, але яна стала нашай агульнай праблемай. Проста кожная краіна падыходзіць да яе вырашэння па-свойму.
А асноўная праблема ў нашай дыяспары – гэта вырашэнне праблем на радзіме і дапамога пасля 2020 года, пасля пачатку вайны ва Украіне.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя