BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ян Абадоўскі: Няма чаго наракаць, трэба змагацца далей

Беларуская дыяспара Беластока запрашае далучацца да акцыі на Дзень Годнасці, якая пройдзе 9-га жніўня а 18:30 у цэнтры горада. У гэты дзень згадваем падзеі 2020 года, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі і тымі масавымі пратэстамі, якія адбываліся пасля. “Госць Рацыі” – прадстаўнік Беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі.

РР: Што ўзгадваецца найбольш з 2020 года?

– Насамрэч 9, 10, 11 мне згадваецца ў сувязі з катаваннямі, якія адбываліся падчас пратэстаў 9-га жніўня, а таксама ў наступныя дні. Менавіта гэтыя катаванні, гэтая жорсткасць вывела пазней тысячы людзей на вуліцы. Менавіта тое, што беларусы пабачылі ўсю тую жорсткасць і тысячамі выйшлі супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, а таксама супраць рэжыму Лукашэнкі.

Я асабіста прысутнічаў там 15-га жніўня ў Менску, я бачыў тысячы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. “Ланцугі салідарнасці”, якія адбываліся ўжо пасля катаванняў. Бачыў салідарнасць і такую радасць людзей. Людзі сапраўды тады верылі ў нашу перамогу, верылі, што калі нас выйдуць тысячы, то рэжым ляснецца. На жаль так не адбылося.

РР: Ці ёсць нейкія думкі, ці магло быць інакш?

– Пасля чатырох гадоў думкі могуць узнікаць, але мне здаецца, што тое што адбывалася тады, гэта ўсё было стыхійна. Людзі адчувалі тую несправядлівасць, што яны прагаласавалі за альтэрнатыўнага кандыдата, а і так выйграў Лукашэнка. За ўсю гэтую жорсткасць, катаванні. Людзі выходзілі, бо верылі, што Беларусі патрэбныя перамены. Зараз няма чаго сядзець і наракаць, трэба глядзець у будучыню і змагацца далей.

Мне здаецца, што ў 2020 годзе беларуская нацыя зрабіла такі першы крок да сваёй свабоды. Зразумела, што 30-ць гадоў рэжыму Лукашэнкі зрабіла сістэму больш жорсткай. Маладое пакаленне з гэтым ніколі сустракалася. Я асабіста, яшчэ ў 90-х выходзіў на акцыі. Бачыў жорсткасць, можа не такую, як была 9, 10, 11 жніўня, але тады таксама жорстка затрымлівалі і садзілі за краты. Рэжым не змяніўся, гэта той жа рэжым, супраць якога трэба змагацца. Мы робім першыя крокі да свабоды. Трэба разам выходзіць і казаць пра Беларусь.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя