Беларуская дыяспара ў Беластоку – адна з самых масавых і актыўных. У горадзе арганізуюцца шматлікія акцыі, сустрэчы, канцэрты і так далей. Адна з галоўных задач – захаваць актуальнасць беларускага пытання сярод звычайных палякаў і палітычных элітаў Польшчы.

Пра гэта ды іншае мы паразмаўлялі з “Госцем Рацыі” – прадстаўніком беларускай дыяспары Янам Абадоўскім:
РР: Наколькі такая форма актыўнасці надалей актуальная і патрэбная?
– Я лічу, што такая форма патрэбная. Беларусы Беластока павінны выходзіць і паказваць, што мы не “перагарнулі старонку”, што мы надалей змагаемся. Менавіта таму мы праводзім рознага кшталту акцыі, каб засяродзіць увагу польскай грамадскасці. Таксама хочам паказаць беларусам, якія знаходзяцца ў Беларусі, што беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, яны далей змагаюцца затое, што пачалося ў 2020 годзе. Мы далей прыцягваем увагу да розных падзей. Сапраўды ў гэтым годзе было вельмі шмат акцый. Я хачу толькі расказаць пра некаторыя, якія адбыліся ў гэтым годзе, дзе мы збіралі вельмі шмат людзей.
24 лютага на гадавіну пачатку вайны ва Украіне, мы разам з гарадскімі ўладамі, сабралі ў цэнтры горада больш за тысячу асобаў. 25 сакавіка беларуская дыяспара разам з Саюзам беларусаў у Рэчы Паспалітай правялі святочную акцыю з нагоды 105-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У цэнтры горада мы сабралі больш за пяцьсот асобаў. Таксама ў траўні мы падтрымлівалі нашых беларускіх бегуноў на гарадскім паўмарафоне з бел-чырвона-белымі сцягамі. Гэта была такая вельмі незвычайная акцыя, якая прыцягнула вельмі шмат увагі жыхароў Беластока. Мы былі вельмі відочныя, з бел-чырвона-белымі сцягамі. 21 траўня акцыя салідарнасці з палітзняволенымі. Каля консульства мы сабралі больш за сто асобаў. 28 траўня мы арганізавалі роварны прабег салідарнасці па цэнтру Беластока. Гэты было вельмі незвычайна, бо сабралася больш за пяцьдзясят асобаў, каб праехацца на роварах па цэнтры Беластока з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Такім чынам мы хацелі прыцягнуць увагу да сітуацыі з палітзняволенымі. У чэрвені арганізавалі ланцуг салідарнасці з палітзняволенымі, у якім прыняло ўдзел больш за сто асобаў. У ліпені на возеры, што каля Аўгустова, Беларуская дыяспара Беластока арганізавала ўжо быў трэці турыстычны злёт. На яго сабралася больш за сто пяцьдзясят асобаў. Дзякуючы супольным намаганням наша дыяспара, кіраўніку НАУ Паўлу Латушка і кіраўніку фонду “Тутака”, велізарнай падтрымцы горада Беластока і асабістай дапамозе прэзідэнта Тадэвуша Трускаляскага 14-га ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё скверу “Вольнай Беларусі”. На гэтым мерапрыемстве прысутнічала легітымная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Мы лічым, што адной з галоўных перамог з’яўляецца тое, што хоць сквер гэты маленькі, але з’яўляецца вялікім сімвалам салідарнасці з беларускім народам. На гадавіну выбараў у жніўні мы арганізавалі шэсце па цэнтры горада да консульства. У ім узяло ўдзел больш за пяцьсот асобаў. Апошнія нашыя вялікія акцыі – гэта на Дзень беларускай вайсковай славы, а таксама на гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі. Прыходзіла сапраўды вельмі шмат асобаў. На апошнюю акцыю 12-га лістапада, на гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі, прыйшло больш за сто асобаў. Гэта паказвае, што акцыі надалей актуальныя, што людзі хочуць прымаць удзел, людзі хочуць паказваць, што беларусы Беластока вельмі актыўная моц, якая таксама натхняе іншыя дыяспары з іншых гарадоў свету.
У гэтым годзе мы арганізавалі вельмі шмат сумесных акцый з рознымі гарадамі Еўропы і свету, з амерыканскай дыяспарай, з канадскай дыяспарай. Таму мы далей будзем працягваць гэта рабіць. Акрамя гэтага мы збіралі дапамогу беларускім ваярам з Палка Каліноўскага і Другога інтэрнацыянальнага легіёну. Праводзілі сустрэчы беларусаў на гарадскім пляжы Дайліды, пісалі лісты палітвязням. Праводзілі бізнес-сустрэчы. Ну і можна сказаць, такі “знак якасці” ад лукашысцкіх уладаў, Інстаграм дыяспары 19-га верасня прызналі экстрэмісцкім.
Гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






