BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ян Карчэўскі: Гляджу з аптымізмам на перспектывы вывучэння беларускай мовы

Госць Рацыі – шматгадовы настаўнік ліцэя з дадатковай беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, метадыст па беларускай мове Цэнтра адукацыі настаўнікаў Беластоку, аўтар падручнікаў Ян Карчэўскі.

Настаўнік ліцэя з дадатковай беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы Ян Карчэўскі.
Ян Карэчўскі

РР: З якімі спадзяваннямі і надзеямі ты, як дасведчаны настаўнік, пачынаеш сёння новы навучальны год? І можа скажы таксама пра навучанне ў новым годзе беларускай мове ў тваім ліцэі.

Ян Карчэўскі: Сапраўды дасведчаны і вопытны настаўнік. У гэтым годзе сёння я пачынаю, магу прызнацца, 39-ы год сваёй настаўніцкай працы і шосты год, як метадычны дарадца па навучанні беларускай мовы. Зразумела, як заўсёды нейкае хваляванне з’яўляецца, а яшчэ дадаткова сёння я зноў стаю выхавацелем першага класа, так што трэба іх увесці ў рытм жыцця і навучання ў нашай школе.

Калі ідзе пра спадзяванні адносна беларускай мовы, здаецца, можна тут глядзець з аптымізмам, прынамсі маючы на ўвазе наш ліцэй, таму што пасля некалькіх гадоў удалося нам уладкаваць справу навучання беларускай мовы, і вось у нас першыя класы ўсе будуць вывучаць гэтую мову як прадмет, як мову нацыянальнай меншасці, таму што мы перайшлі, як школа, на так званы эксперымент. Беларуская мова вывучаецца ў рамках эксперыменту, дзе кожны вучань абавязаны яе вывучаць.

РР: І з гэтым вас вельмі сардэчна віншую. Спадзяюся, што мы, як Радыё Рацыя, за гэтым эксперыментам будзем разам з вамі назіраць. З’яўляецеся вы таксама настаўнікам дарадчыкам, або метадыстам, па навучанні беларускай мовы ў польскіх школах. Як ацэньваеш з гэтай перспектывы стань таго ж навучання?

Ян Карчэўскі: Таксама нядрэнна. Можа некалькі прыкладаў такіх агульных ведаў. Статыстычных у мяне няма, але тое, што мне вядома прынамсі тут у Гайнаўцы, напрыклад, шмат дзетак запісалася да першых класаў пачатковых школ на навучанне на беларускай мове. У мінулым годзе наладжвалі ў нашым ліцэі ялінку для наймалодшых дзетак з класаў 1-3. Запланавалі яе зрабіць у нашай актавай зале, і якое было здзіўленне, калі аказалася, што з гайнаўскіх школ было там больш чым 130 дзетак. У нас нават з’явілася хваляванне, ці мы іх усіх памесцім. Так што гэта даволі многа з першых трох класаў. А агулам – ёсць намнога больш.

Мая праца накіравана галоўным чынам на настаўнікаў. Хачу сказаць, што калі я пачаў працаваць дарадчыкам, то адкрыў інтэрнэт-платформу для настаўнікаў беларускай мовы, дзе размяшчаюцца ўсялякія патрэбныя нам матэрыялы. Сёння, на жаль, адпаведныя беларускія сайты закрываюцца, мне вельмі шкада, што закрыўся сайт «Настаўнік інфо», дзе сапраўды была аграмадная колькасць матэрыялаў. Таксама арганізуем настаўнікам майстар-класы, двухдзённыя, на якія патрэбныя грошы. Так што пішу праекты ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. І ўдалося мне праз гэтыя пяць гадоў наладзіць майстар-класы па беларускіх танцах, тэатральныя і ў гэтым годзе ў Нараўцы мы мелі майстар-класы па беламу спеву. Таксама стараюся нешта напісаць, нешта апублікаваць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя