BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Вапа: Гайнаўскі ліцэй стаў для нас апірышчам беларускасці і авансам у свет

Яўген Вапа – старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя, галоўны рэдактар “Нівы”, старшыня Беларускага саюза ў Польшчы. выпускнік і былы настаўнік Гайнаўскага беларускага ліцэя. Ён таксама наведаў пяты з’езд выпускнікоў гэтага ліцэя.

Пра гэты ліцэй, успаміны, звязаныя з ім, і праблемы, якія ўзнікаюць зараз вакол беларускіх ліцэяў, з Яўгенам Вапам размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: 40 гадоў таму вы пісалі ў гэтым ліцэі матуру, так званы экзамен сталасці, ці выпускны экзамен.

Яўген Вапа: Так, сапраўды ў 1984 годзе разам з сябрамі і сяброўкамі з двух класаў, у нас былі класы “А” і “Б”. Я быў у “Б”, гэта быў змешаны клас. У класе “А” былі адны дзяўчаты. І вось роўна 40 год таму ў траўні мы напісалі атэстат сталасці, здалі яго, былі іншыя справы, пісаліся доўгія пісьмовыя працы, здавалася матэматыка, шмат вусных экзаменаў. І самае галоўнае ўжо неўзабаве з 1 кастрычніка 1984 года я стаў студэнтам гісторыі Варшаўскага ўніверсітэта. Так што 1984 год стаў для мяне пераломным і важным для маёй памяці, але думаю, што не толькі для майго жыцця, але і пэўных далейшых вырашэнняў...

РР: Мы тут размаўляем пра пяты з’езд выпускнікоў і таксама 75-годдзе гэтай установы. І калі гаварыць пра сустрэчу выпускнікоў, вы вярнуліся адтуль з такім добрым, прыемным настроем. Але і ўспаміны, напэўна, там былі, ці сядзелі і ўспаміналі са сваімі аднакласнікамі?

Яўген Вапа: Гэта справа, якая выклікае ў мяне такія эмоцыі, што меў бяссонную ноч. Таму што розныя абавязкі, журналісцкія менавіта, не дазволілі мне быць на самай прыемнай частцы – сустрэчы абсальвентаў. Значыць, вечарам пачынаўся ўсяночны баль, дзе мы маглі гуляць, а сёння вогнішча. Так што, на жаль, тут абавязкі перашкодзілі мне быць разам са сваімі сябрамі і сяброўкамі. Але я мог пабачыць тых, хто прыехаў на пяцігоддзе, з тых першых абсальвентаў.

Калі мы гаворым, то ніхто не кажа інакш, як “Наш ліцэй”. І гэта не пустыя словы. І яны з часам, адлегласцю набіраюць новыя значэнні. Я ўчора перадумваў сабе ўсё, і належыць да так званага гайнаўскага беларуса, да нашага ліцэя абавязвае нас як тое шляхецтва. Наш ліцэй – гэта не толькі прыемнасць ганарыцца, але і ўскладае на нас абавязкі. Памятайма, што беларускі ліцэй нарадзіўся ў 1949 годзе, быў вынікам актыўнасці саміх беларусаў. І самае важнае, што гэты ліцэй для Гайнаўшчыны стаў цэнтрам і апірышчам беларускасці і авансам ў свет. Так што тут можна гэта ўспамінаць...

Зараз два ліцэі на Падляшшы – Бельскі і Гайнаўскі – апынуліся ў сітуацыі, калі раптам закон, які абавязваў шмат гадоў, раптам стаў для чыноўнікаў няважным. Статут ліцэяў абавязвае, што кожны вучань, які прыходзіць у гэты ліцэй, ён абавязаны вучыць беларускую мову.

РР: Дык гэты з’езд Гайнаўскага ліцэю – гэта найперш нагода, каб паўспамінаць, ці абмеркаваць тыя пытанні, якія вы зараз агучваеце?

Яўген Вапа: З’езды адбываюцца раз на 5 гадоў. І вось прайшло чарговыя пяць і Гайнаўскі ліцэй адзначае 75-годдзе. Толькі за гэтыя апошнія 5 гадоў змянілася столькі, што наш беларускі ліцэй апынуўся пад пагрозай перастаць быць нашым ліцэем… Калі ўсе кажуць, як добра, які уклад ёсць беларускага ліцэя ў цывілізацыйнасць, у культурнасць Еўропы, у наша шматкультурнае Падляшскае ваяводства, дык я пытаюся: “Дык чаму ж, калі ўсе гавораць такія прыгожыя словы, то каму перашкаджае навучанне ўсіх беларускай мове ў тым жа ліцэі. Размовы не супадаюць з рэчаіснасцю, а рэчаіснасць у значнай ступені ёсць супрацьлеглай.

Едучы на з’езд, я ўзгадаў як вучань ліцэя, калі вывучаў адзін з літаратурных перыядаў у развіцці польскай літаратуры ў 18-ым стагоддзі – байку тадышняга каталіцкага біскупа Ігнацы Красіцкага, які разважаў пра тое. што дзеецца ў палітыцы. І тая байка гучала так: “Wśród serdecznych przyjaciół psy zająca zjadły”. І я падумаў сабе так – як гэта нам перакласці на зразумелую нам сітуацыю зараз. І прыдумаў: “Сярод многіх сяброў хочуць нас паслаць далоў”. І гэта ёсць нясмешным, але праўдзівым. Сапраўды засмучае, што ўсе выказваліся, у тым ліку і мітрапаліт Сава, які напісаў ліст на беларускай мове, дзе ён ясна гаварыў, што ня можа быць інакш у гэтай школе, як навучанне на беларускай мове, у выступах усіх іншых, між якіх былі Павел Латушка, Алег Латышонак, прафесар, настаўнік шматгадовы беларускай мовы Васіль Сакоўскі, тое разуменне ёсць – ня будзе нашага ліцэю пры такой сітуацыі.

На самы пачатак адкрыцця гэтага з’езду прыехаў маршалак Падляшскага ваяводства, спадар Лукаш Пракорым, але, на жаль, ён хутка з’ехаў і не мог паслухаць, што мы думаем наконт прыгожых словаў пра шматкультурнасць Падляшша і рэальнасць – пра што баліць выпускнікам, вучням, настаўнікам, польскім сябрам ліцэя… І гэтая трывога, што будзе далей – яна гучала ў размовах цэлы час…Будзе гэта Наш Ліцэй ці ня наш ліцэй?!

Хачу ясна ўсім выказаць, што паміж сабой усе выпускнікі гаварылі: “Так, мы святкуем сёння гэтую радасць, але ці не патрэбна будзе нам склікацца на іншы сход, калі давядзецца бараніць наш ліцэй…

РР: Давайце зараз вызначымся, у чым галоўны корань праблемы?

Яўген Вапа: Корань праблемы ў тым, што адміністрацыйныя ўлады і кураторыя, як орган, які адсочвае працу школы, не ведаю чаму, не з’явіліся на святкаванне менавіта ў ліцэі. Гэта мяне крышку хвалюе, бо можна мець розныя погляды, але ж гэта школа, якая знаходзіцца ў польскай сістэме адукацыйнага выхавання… І сутнась у тым, што некалькі гадоў таму з’явілася ідэя, што наша заканадаўства не абавязвае ў беларускіх ліцэях вучыцца беларускай мове. Калі нехта ня хоча – то не прыходзіць. А ў гэтых гарадах Бельску Падляшскім і Гайнаўцы ёсць аналагічныя школы, дзе можна не вучыць беларускую мову… У Статуце школы гадамі было запісана, што беларуская мова ў нашым ліцэі абавязковая. Здавалася, што праблема, якая ўзнікла за папярэдні год, будзе развязаная. Але маем сітуацыю, калі цяперашняя ўлада прытрымліваецца таго самага. Праблема застаецца.

За нас, наколькі ведаю, заступіўся апошнім часам амбудсмен па грамадзянскіх правах чалавека ў Польшчы. Ён сказаў, што дзеянні (адміністрацыі) ёсць незаконнымі. Нам здаецца, што менавіта тое, што ўжо здарылася ў Бельску Падляшскім, і тое, што можа здарыцца ў Гайнаўцы, для нас гэта нож у спіну. Асабліва беларускай меншасці, якая не мае станоўчага прыкладу ў сваёй духоўнай Бацькаўшчыне. У нас ідуць асіміляцыйныя працэсы. І я дзякую сваім усім сябрам, бацькам, якія пасылаюць дзяцей у беларускія школы тут, бо беларуская мова – гэта наш беларускі шчыт.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя