BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Вапа: Выбары – гэта нашае права, якім мы павінны скарыстацца

Госць Рацыі – старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы і старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.

РР: Хачу паразмаўляць пра выбары. Можа пачнем з гэтых выбараў, якія маем сёння – выбары ў мясцовае самакіраванне ў Польшчы. Не шмат пра іх можам сёння сказаць з увагі на законную перадвыбарчую і выбарчую цішыню. Але, напэўна, можам казаць, што трэба ісці галасаваць.

Яўген Вапа: Напэўна што трэба. Гэта нашае права, якім павінны скарыстацца. Я гэтым правам ужо скарыстаўся і цяпер з’явіўся ў студыі, не думаючы пра тое, што яшчэ мусіў ісці гэта рабіць. Мне гэтыя самаўрадавыя выбары вельмі блізкія, бо яны даюць пэўную сутнасць разумення таго, чым з’яўляецца мясцовая лакальная палітыка, якія ёсць кандыдаты. Мы тут ведаем іх значна лепш. І тыя кандыдаты сапраўды даюць нам магчымасць выбіраць лепш па людзях. І людзі часта галасуюць на такіх выбарах за прадстаўнікоў з розных прапанаваных спісаў кандыдатаў, якія стартуюць. Бо яны галасуюць менавіта за асобы. Так што тут дыктатура партый у сэнсе прапановы гэтага выбару, яна меншая, бо ёсць шмат розных выбарчых роўняў і шмат іншых мясцовых камітэтаў, знаёмых людзей, якім мы давяраем, або не давяраем.

РР: У маладосці я паспеў прагаласаваць на выбарах без выбараў. Маю на ўвазе выбары за Народнай Польшчай. У лютым былі выбары ў Беларусі ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. І мне здаецца, там дакладны былі такія ж выбары без выбараў.

Яўген Вапа: Мне здаецца, гэта вобраз вельмі далікатны, што гэта выбары без выбараў, сыходзячы з сітуацыі, у якой зараз апынулася Беларусь, асабліва пасля 2020 года. Хоць мы і раней не мелі ані парламентскіх выбараў, ані прэзідэнцкіх. І мы цэлы час маем дачыненне з фальсіфікацыяй і імітацыяй выбарчага працэсу. Гэта характэрна для ўсяго таго, што адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь.  Гэтая фальсіфікацыя і імітацыя выбараў адбываецца на фоне жорсткай дыктатуры і змаганнем з любымі праявамі іншадумства. Мы мелі дачыненне да выбараў у Польшчы ў 80-х гадах, гэта былі выбары без выбараў, але кандыдаты, якія ішлі, тады мелі большае поле для выказванняў. Тут выключна прадстаўнікі тых, хто падпарадкаваны і хто кіруе структурай вертыкальнай Лукашэнкі. Гэта выбары для чыноўнікаў Лукашэнкі і яго камердынераў, якія будуць тупа выконваць усе рэчы ў асабістых інтарэсах Лукашэнкі.

РР: Прызначаныя кандыдаты, але прызначаныя і пераможцы.

Яўген Вапа: Так, тут не можа быць адхіленняў. А другі элемент “выбараў”, гэтай імітацыі, прызначэння, што пра самакіраванне ў такой форме, як ёсць, увогуле няма што казаць. Бо ў Беларусі няма ніякага самакіравання.

РР: Рэформа самакіравання ў Польшчы дала вельмі вялікі плюс, калі мясцовая ўлада атрымала сваю ўласнасць, якою магла распараджацца. Гэта і нерухомасць, і зямля, гэта і ўдзел у падатках, якія дзяржава адводзіць у касу гміны ці горада. І тым адрозніваецца ў асноўным самакіраванне ў Беларусі, што ў яго няма сваёй уласнасці.

Яўген Вапа: Гэта аснова таго, каб быць на сваёй зямлі. Каб быць гаспадаром, трэба мець зямлю і кашалёк. І добра мець на тэрыторыі сваёй гміны прыбытковае прадпрыемства, якое будзе плаціць падаткі ў мясцовы бюджэт. І такім чынам можна разбагацець. З іншага боку, калі абапірацца толькі на камунальную маёмасць, заўсёды ёсць рызыка скарыстацца на прыватызацыі гэтай камунальнай маёмасці і на тым выйграць. Але ёсць установы, якія за гэтым сочаць.

РР: Быў такі час, калі прымалі ўдзел у выбарах у Польшчы ў нас на Беласточчыне беларускія выбарчыя камітэты. Нават паспяхова. Былі такія выбары, калі ўводзілі сваіх радных, сваіх дэпутатаў у раду горада ад беларускага выбарчага камітэта. Гэта знікла.

Яўген Вапа: Гэта знікла па назве. Бо старт беларускіх выбарчых камітэтаў быў адным з элементаў, канцэпцый нашага актыўнага жыцця беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы пасля 1989 года. Гэта было створана самімі беларусамі. Адная з канцэпцый была звярнуць вялікую ўвагу на самаўрадавае жыццё. І гэта поспехі не толькі ў выглядзе радных, але маем і выбары войтаў, і выйгрыш поўнасцю беларускага дэмакратычнага аб’яднання ў Гарадку, мелі мы дзве кадэнцыі бургамістрам Андрэя Сцепанюка і іншыя. Беларускі выбарчы камітэт стартаваў і асобна ў Беластоку. І выстаўляў свайго кандыдата ў Беластоку на прэзідэнта і меў поспехі. І гэта засталося. Бо вядома, што беларусы хочуць галасаваць. І ў гэтым годзе ў Беластоку таксам стартуюць людзі з падтрымкай беларускіх арганізацый.

Цалкам гутарка:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя