На Падляшшы з’явіўся восьмы прысяжны перакладчык беларускай мовы. А ў Польшчы іх усяго 25. Наколькі сёння запатрабаваныя пераклады беларускай мовы? У чым розніца паміж прысяжным і натарыяльным перакладам? І як стаць прысяжным перакладчыкам? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае прысяжная перакладчыца Юлія Цыбульская ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Прыемная навіна, што ты таксама можаш перакладаць афіцыйна з беларускай мовы на польскую і з польскай на беларускую. Што для гэтага трэба было зрабіць? Наколькі гэта было цяжка?
Юлія Цыбульская: Беларускую мову я цяпер да прысяжнага пераклада дадала другой, хаця спробы першыя мае атрымаць гэтае права прысяжнага пераклада пачыналіся з беларускай мовы. І мне здавалася, што пры 20-гадовым практычна досведзе перакладаў гэта будзе лёгка. А гэта не было лёгка. І я паралельна адвучылася на паслядыпломную адукацыю і атрымала перакладчыцкую. І падала яшчэ на расейскую мову. І выйшла так, што расейскую я здала раней. Атрымалася так, што я дала прысягу ўжо як прысяжны перакладчык з расейскай мовы і літаральна праз тыдзень даведалася, што беларуская ўжо таксама здадзеная.
Што для гэтага трэба? Хацець, умець і мець цікавасць не толькі да мастацкага, літаратурнага пераклада, а яшчэ да юрыдычнага, бо прысяжны перакладчык у прынцыпе працуе больш з юрыдычнай мовай.
РР: Як ты думаеш, наколькі цяпер попыт да беларускай мовы, асабліва тут, у Беластоку, бо напэўна ж шмат беларусаў пераехала. І тады перакладаюць беларусы з беларускай ці з расейскай дакументы?
Юлія Цыбульская: У нас афіцыйна было не меншасці ў 2020 годзе каля дваццаці тысяч тут на розных відах побыту. А цяпер стала больш за 140 тысяч ва ўсёй Польшчы. За ўсе гэтыя дзесяцігоддзі нашай эміграцыі сюды ўжо склалася, што перакладчыкаў беларускай мовы мала, мы маем дзве дзяржаўныя мовы. Будзем шчырымі, пераважная большасць грамадзянаў Беларусі не звяртае на гэта ўвагі, карыстаецца расейскай мовай і хочуць перакладу менавіта з расейскай версіі сваіх дакументаў. Скажам так, яны дэкларуюць перад судом, перад пракурорам, перад следчымі веданне расейскай мовы. Для іх выклікаецца перакладчык з расейскай мовы. Але тут жа справа таксама, з аднаго боку, попыту, які мог быць незадаволены дзесяцігоддзямі, бо перакладчыкаў беларускай мовы мала ў Польшчы, але таксама і таго, што прапановы няма. Нам звычайна трэба перакласці дакументы хутка, у нас вызначаная дата рэгістрацыі шлюбаў. Ва ўсёй Польшчы 25 прысяжных перакладчыкаў беларускай мовы. З іх – 7, ну я буду восьмая, яшчэ ў рэестры не свеціцца, што ёсць беларуская мова ў мяне, толькі расейская. Я буду восьмая ў Падляшскім ваяводстве. Колькі беларусаў у Падляшскім ваяводстве? Калі ў вас вызначаная дата шлюбу? Нават калі вы хочаце і калі вы ўсе беларускамоўныя, не гарэць жа даце, калі перакладчык не можа. Таму гэта, мне здаецца, двухбакова, калі не было прапановы, то і попыт меншы.
РР: Акрамя натарыяльных перакладаў ты займаешся і мастацкімі перакладамі. з якой мовы, з беларускай на польскую ці з польскай на беларускую ў асноўным?
Юлія Цыбульская: Увогуле ў Польшчы ёсць такі прынцып, што мастацкія пераклады робяцца на родную мову. Польская, канешне, не мая мова дзяцінства. І мне было 19 гадоў, калі я пачала вучыць яе, але большую частку свайго свядомага жыцця я правяла тут. Таму польская можа і не родная, але далёка не чужая мне мова. Адзінкі беларусаў з Беларусі, якія не нарадзіліся тут, перакладаюць на польскую мову. Мне здараліся публіцыстычныя пераклады на польскую мову, мастацкія ў сэнсе апісання выставаў, каталогаў пасля пленэраў мастацкіх. Літаратурнага пераклада на польскую мову я яшчэ не рабіла. Але некалькі спробаў рабіла і я не скажу, што гэта кепскі тэкст. Мне прыемней на родную. Таму я люблю гэты прынцып. І перакладаў з польскай на беларускую – гэта пераважна фільмы, па фільмах у мяне каля 400.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






