Выбары ў мясцовае самакіраванне ў Польшчы. Ёсць трэці кандыдат на пасаду войта гміны Бельск-Падляшскі – гэта Юліта Ярмоц з выбарчага камітэта “Свае радныя”.

Кандыдатка – спецыяліст па сельскагаспадарчых праектах Еўразвязу. Юліта Ярмоц адзначае, што войт мае абавязак прыслухоўвацца да патрэб сваіх выбаршчыкаў. Сярод іншага прапануе:
– Думаю перадусім пашукаць фонды на развіццё нашай гміны, каб добрыя дарогі былі, каб добра працаваў гмінны асяродак культуры. Для мяне важна, каб быў добры кантакт з людзьмі, каб людзі мне гаварылі, што яны хочуць. Думаю таксама пра пенсіянераў, пра доступ да медыцыны. Хацела б таксама пашырыць рэгіянальныя аўтобусныя кірункі. Таксама важна клапаціцца пра дзяцей, каб падчас вакацый арганізоўваць для іх мерапрыемствы.
Акрамя Юліты Ярмоц, за пасаду войта гміны Бельск-Падляшскі будзе змагацца цяперашняя войт Раіса Раецкая ад выбарчага камітэта “Нашае Падляшша”, а таксама Валянцін Карыцкі з выбарчага камітэта “Наша гміна – супольнае дабро”. Мясцовыя выбары пройдуць сёмага красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя






