BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кацярына Бяляўская: Галерэя ў Нараўцы запрашае на культурнае лета

Сённяшняя Госця Рацыі — інструктарка культуры Галерэі імя Тамары Саланевіч у Нараўцы Кацярына Бяляўская. Гэтая галерэя — не проста выставачная прастора, а культурнае сэрца маляўнічага мястэчка, дзе мастацтва жыве ў дыялогу з супольнасцю, прыродай і гісторыяй.

Мы даведаемся, чаму летам асабліва варта заехаць у Нараўку, якія выставы, імпрэзы і людзі робяць гэтую галерэю жывой і адкрытай. А яшчэ — пагаворым пра самую патронку гэтага месца, рэжысёрку Тамару Саланевіч, чыя творчая постаць натхняе, але чые фільмы, як не дзіўна, пакуль што немагчыма паказаць шырокай публіцы ў самой галерэі. Чаму — раскажа наша Госця.

РР: Як праходзіць лета, што можна ў вас паглядзець?

Кацярына Бяляўская: У Нараўцы вельмі прыгожа, думаю, што кожны штосьці для сябе знойдзе. Ля ракі можна пасядзець, таксама каякі ў нас ёсць, а мы запрашаем у галерэю Тамары Саланевіч у Нараўцы. Якраз маем дзве цікавыя выставы. Адна – мастацкая, пра мастацкі пленэр, у гэтым годзе мы ўжо мелі два пленэры. Адзін адбываўся зімой, і ў траўні мы мелі пленэр, і маем цікавыя працы. Найчасцей мастакі малююць нашую прыроду, Белавежскую пушчу. Але апошнія гады мы наглядаем такое зацікаўленне драўлянай архітэктурай, сакральнай архітэктурай. І мы гэта бачым на гэтых карцінах. А другая выстава Алены Саржэнкі з Украіны. Гэта выстава плакатаў. І гэтыя плакаты вельмі цікава аформлены, таму што Алена Саржэнка па прафесіі – графік. І яна нам запрэзентавала дзве тэмы: музыку, а дакладней – джаз, і экалогію. Эка-джаз – мы аб’ядналі два гэтыя словы. Гэтыя плакаты прыцягвацюь кожнага чалавека. Мы, гледзячы на іх, задаем сабе пытанне, у якім кірунку рухаецца нашая Зямля і дзе мы будзем у будучым. Плакаты маюць мінімалістычны выгляд, прымушаюць нас да мыслення. Гэтыя дзве выставы сапраўды цікавыя, запрашаем.

РР: Уваход на выставы вольны?

Кацярына Бяляўская: Так, вольны. Мы працуем з аўторка да суботы з 10.00 да 18.00. Але на тэрыторыі гміны Нараўка адбывецца многа іншых падзей. Трэба сачыць за нашым календаром, бо маем многа фэстаў, лакальных святаў. У Ляўкове, напрыклад, завершыўся фэстын на свята Пятра і Паўла. У жніўні будзе на Панцеляймона ў Семяноўцы. Таксама традыцыйны фэстын, запрашаем. Да нас прыязджаюць і розныя групы, і экскурсіі, але таксама і з радыё і тэлебачання. Нядаўна быў запіс цікавы, “Белсат” рэалізуе цікавую праграму, дзе моладзь на вакацыях на Падляшшы. І тут яны хочуць паказаць, што моладзь можа тут, на Падляшшы, актыўна праводзіць час. І адна з праграмаў была знятая ў нас у Нараўцы, у прыватнасці ў галерэі. У галерэі вядоўцы Аня і Дзяніс хацелі дазнацца, кім была Тамара Саланевіч і чаму яна такая важная для Нараўкі. Чаму мы так моцна падкрэсліваем асобу Тамары Саланевіч? І тут цікавая размова была, маем сталую выставу пра Тамару Саланевіч, многа пытанняў было, многа цікавых размоў. Што ў цэнтры яе ўвагі заўсёды быў чалавек, чалаек адсюль, з Беласточчыны, з Падляшша. Тамара паказвала простых людзей, але якія мелі няпростыя думкі пра другога чалавека, пра Бога, пра прыроду. Паказвала такі рэалізм аж да болю. У сваіх фільмах яна паказвала гэты свет, які крышку затрымаўся тут. Усё хутка, а тут мы жывем паціху, павольна гаворым, павольна ходзім. Маем час пасядзець на лавачцы. Гэта для нас нармальна, але калі хтосьці прыязджае да нас з горада, з Еўропы, яны бачаць гэта.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя