BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Калектывы “Расспяваны гарадок” і “Асенні ліст” адзначаюць свае юбілеі

Песенныя калектывы з Гарадка святкуюць свае юбілеі. “Расспяванаму гарадку” 70 гадоў, а “Асенняму лісту” – 30. З гэтай нагоды ў Гмінным асяродку культуры ў Гарадку адбыўся вялікі юбілейны канцэрт, на які сабраліся гараджане, сябры калектываў і госці. “Расспяваны гарадок” – найстарэйшы ансамбль у Гарадку. Цікава, што калектыў з’явіўся задоўга да таго, як у Гарадку паўстаў Дом культуры. Сёння побач з “Расспяваным гарадком” гміну рэпрэзентуюць “Асенні ліст” з Гарадка і “Каліна” з Залук. Усе гэтыя калектывы маюць падобны стыль і імкнуцца прадстаўляць беларускую песню ў традыцыйным для гэтый мясцовасці гучанні. Так што мода на фанаграму тут не прынялася, а спевы традыцыйна суправаджае гармонік.

А сваёй мовай калектывы лічаць беларускую. Гаворыць колішні дырэктар Дома культуры ў Гарадку Юрка Хмялеўскі:

-Трывае тут беларускасць. І крыху непакоіць мяне гэта сітуацыя, што асіміляцыя так моцна адбываецца. І, прынамсі, трэба гэта неяк захаваць у песні. Думаю, што гэта будзе найпрасцей, прынамсі, у Гарадку. А можа ў іншы спосаб таксама, бо тут свядомасць беларуская, аднак, яшчэ жыве.

РР: Тое, што калектывы збіраюцца на рэпетыці, стварае ўмовы добрыя для размоў па-беларуску. І калі маладое пакаленне прыходзіць на гэтыя рэпетыцыі, то можа і асіміляцыя не будзе так хутка адбывацца.

Юрка Хмялеўскі: Так, гэта важнае, бо я, як дырэктар Дома культуры, выключна гаварыў з жанчынамі і мужчынамі з калектыву па-беларуску, стараўся. Нават на сцэнах выступаў па-беларуску ў Польшчы, каб паказаць, што мы адгэтуль, а не імпартная з-за мяжы прывезеная культура.  

Да юбілейнай даты была выдадзеная плыта абодвух калектываў пад назвай “Сёння свята ў нас”.

Цалкам матэрыял:

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя