Як разам будаваць эфектыўныя працоўныя структуры па дапамозе рэпрэсаваным беларусам? Пра гэта гаварылі падчас першага дня канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні. Пра ключавыя аспекты дапамогі палітвязням і ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці выказаліся прадстаўнікі асноўных арганізацый па гуманітарнай дапамозе – Вольга Зазулінская “Краіна для жыцця”, Андрэй Стрыжак – фонд BYSOL і Аляксей Лявончык з BY_help.
Паводле Андрэя Стрыжака, цяпер перад беларусамі існуе два асноўныя выклікі:
– Праз вайну паміж Расеяй і Украінай і саўдзел лукашэнкаўскага рэжыму ў гэтай вайне нас трактуюць, не разбіраючыся асабліва, таксама як саўдзельнікаў. Беларускі пашпарт стаў вельмі таксічным, беларускае грамадзянства таксама. То гэта першы асноўны фактар, што праблемы нашыя павялічваюцца штогод. Другі выклік у тым, што вялікія інвестыцыйныя донары, дзяржавы, якія выдзяляюць грошы, ужо не бачаць такога вялікага палітычнага зыску, каб падтрымліваць гэтыя кірункі, і пачынаюць факусавацца на чымсьці іншым.
Але нягледзячы на гэта, Аляксей Лявончык кажа, што ў Гуманітарнага фонду з’явіўся першы буйны данатар – нарвежскі МЗС. А патрэба вымяраецца ў мільёнах еўра для рэпрэсаваных і іх сем’яў:
– У Фондзе з’явіцца істотна больш грошай, таму што мы ацанілі патрэбу ў суму, якая вымяраецца мільёнамі, калі ўключыць рэабілітацыю, калі ўключыць дапамогу сем’ям, якія засталіся без працы, якія вымушаныя былі выкідваць велічэзныя грошы на ўтрыманне палітзэкаў у турме, дарэчы сядзець у турме ў Беларусі – вельмі дарагое задавальненне, то бок пасылкі і перадачы забіраюць вельмі шмат грошай. То патрэбныя мільёны, нават дзясяткі мільёнаў. Пакуль што ў гэтым фондзе ёсць два данатары, будзе яшчэ тры.
Як спадзяецца Аляксей Лявончык, улічваючы тое, як ідуць перамовы з данатарамі, сума ў Гуманітарным фондзе на падтрымку рэпрэсаваных беларусаў можа дасягнуць 4 мільёны еўра.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
***
Моладзевы ўдзел можна разглядаць як формулу партнёрства. Гэта значыць прыслухоўвацца да голасу кожнага і ўспрымаць розныя ідэі сур’ёзна. Такі пасыл ад моладзі гучаў падчас сайт-івэнту на тэму “Будучыня сёння: як разумець і працаваць з моладдзю”, які адкрыў Трэцюю канферэнцыю “Новай Беларусі” ў Вільні.
Паводле дарадцы Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Маргарыты Ворыхавай, моладзь часта сустракаецца са стэрэатыпамі і праблемамі ў камунікацыі з іншымі.
– Яны часта ўспрымаюць моладзь, як недастаткова экспертных, як тых, каму яшчэ трэба атрымаць адукацыю, ці яшчэ трэба папрацаваць, а потым ужо праз некалькі гадоў яны могуць удзельнічаць у гэтым працэсе прыняцця рашэнняў, калі яны будуць да гэтага гатовыя. Але ў дэмакратычных працэсах мы павінны разумець, што ўсе групы насельніцтва гатовыя да працэсу прыняцця рашэнняў, з якой экспертнасцю ці не экспертнасцю яны б не былі. І нам важна гэта разумець і ўцягваць розныя групы насельніцтва, а таксама моладзь, у гэтыя працэсы на роўным узроўні.
Як кажа Маргарыта Ворыхава, фідбэк, які яны атрымалі падчас сайд-івэнту быў для іх чаканы і не шакаваў:
– Была негатыўная рэакцыя таксама ад прадстаўнікоў іншай катэгорыі грамадства ў бок таго, што мы прэзентавалі: вось зараз моладзь, якая не палітычная, пасіўная. І гэта вельмі чаканыя каментары, таму што мы нязвыклыя да вось гэтых формаў удзелу моладзі, якія зараз актуальныя для моладзі, і мы негатовыя рабіць дадатковыя крокі для таго, каб уцягваць моладзь. Калі гэта неактуальна для палітыкаў зараз, то палітыкі будуць неактуальныя праз паўгады, праз пару год для моладзі
Пасля майстар-класу па тэме моладзі падчас першага дня канферэнцыі “Новая Беларусь” гаварылі пра рэпрэсаваных людзей, у тым ліку палітзняволеных, дапамогу ім і іх родным, а таксама пра стан беларускай адукацыі.
***
Сёння, 2 жніўня, у Вільні стартуе трэцяя Канферэнцыя “Новая Беларусь”. Яна пачалася ў Канферэнц-залі выставачнага цэнтра LitExpo (Літэкспа). Першая сесія канферэнцыі працягнецца з 11:00 да 19:00. Пра тое, якія івенты і дыскусіі плануюцца ў першы дзень, распавядае наша карэспандэнтка з Вільні Таццяна Смоткіна:
– Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай у першы дзень мерапрыемства арганізуе дыскусіі, семінары-прэзентацыі і майстар-класы на актуальныя для беларускага грамадства тэмы. Падчас першай сесіі ўдзельнікі абмяркуюць дапамогу беларускім палітвязням і іх сем’ям, падтрымку беларусаў і беларусак праз прадстаўніцтвы дэмакратычнай Беларусі за мяжой. Таксама будуць закранутыя тэмы разбурэння стэрэатыпаў і паляпшэння ўзаемадзеяння з моладдзю, развіццё беларускай адукацыі. Да таго ж гасцей мерапрыемства чакае семінар-прэзентацыя: “Дэкаланізацыя” vs “другасная каланізацыя”: грамадская думка ўкраінцаў і беларусаў.
Сярод спікераў першага дня заяўленыя Філіп Біканаў, Роза Турарбекава, Павел Церашковіч, Маргарыта Ворыхава, Яўген Магда, Марына Сакалова, Павел Баркоўскі.
Пачалася яна з майстар-класа на тэму “Будучыня сёння: як разумець і працаваць з моладдзю”. Дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава распавяла пра тое, хто такая моладзь, як яна камунікуе з грамадствам, як моладзь даносіць свой мэсэдж да палітыкаў.
Далей гучаць пытанні з залі наконт ролі моладзі і яе супрацы з іншымі сацыяльнымі групамі на карысць дэмакратыі і Новай Беларусі. Таксама гаварылі пра ініцыятывы, анлайн-актывізм, моладзевае лідарства, у тым ліку пра групу “Моладзевы наступ”.
Пачаўся другі сайд-івент на тэму “Беларускія ініцыятывы і глабальная падтрымка – як будаваць эфектыўныя працоўныя структуры разам?”. Першым спікерам быў Аляксей Лявончык, прадстаўнік каманды “BYhelp”, які распавёў пра дапамогу палітвязням і зазначыў, што яны апрацавалі за 2020 год15 000 заявак і пазней – 6000.
Таксама ён паведаміў, што яны дапамагаюць тым, хто вярнуўся з вайны, і хто выехаў альбо хоча выехаць з Беларусі.
Ён нагадаў, што ёсць шэлтары, дзе заўжды прымуць такіх людзей. Гуманітарны фонд, пад ім падпісалася 8 арганізацый, супрацоўнічае са сталымі арганізацыямі, якія ўжо працуюць у гэтых кірунках.
Паводле Аляксея Лявончыка, на дапамогу людзям выдаткоўваюцца не тысячы, а дзясяткі мільёнаў. Чакаецца, што ў Гуманітарным фондзе будзе каля 4 мільёнаў еўра.
Слова ўзяў прадстаўнік “BYSOL” Андрэй Стрыжак, які нагадаў пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, але замежныя палітыкі пачалі менш увагі надзяляць праблемам беларусаў.
Важна заўважыць, што беларусы ў замежжы застаюцца беларусамі, а не проста дыяспарай, якая павінна ўлівацца ў новае жыццё і шукаць сябе ў гэтым.
Служба хуткай гуманітарнай дапамогі беларусам – гэта прыклад таго, што беларусы аб’ядналіся, – кажа Андрэй Стрыжак.
Далей закраранулі тэму “Хто мы такія і як мы прыцягваем дапамогу? Каго мы з сябе ўяўляем?” Як зазначылі выступоўцы, ніхто раней не казаў пра аб’яднанне і сацыяльную ідэнтычнасць так, як беларусы.
Прадстаўніца народнай амбасады ў Італіі Юлія Юхно распавяла пра тое, як яны працуюць у Італіі і прыцягваюць увагу да беларусаў, а таксама якім чынам яны збіраюць данаты на падтрымку палітвязням. Юлія зазначыла, што яна хоча зрабіць кулінарную перадачу, каб знаёміць італьянцаў з беларускай кухняй і тым самым з самімі беларусамі як нацыянальнасцю.
Цяпер прысутныя задаюць пытанні спікерам, сярод якіх пытанні па бяспецы атрымання дапамогі людзям у Беларусі.
Як кажа кіраўніца фонда “Краіна для жыцця” Вольга Зазулінская, усе арганізацыі ўжо перагледзелі пратаколы бяспечнай дапамогі людзям.
Павел Баркоўскі запытаўся пра тое, якія індыкатары працы па дапамозе існуюць у арганізацыях і якая там справаздачнасць. “Ці гэта проста давер да арганізацый, быццам вы павінны нам і так давяраць”, – запытаўся Павел.
Андрэй Стрыжак адказаў, што калі глядзець на дысбаланс празрыстасці і бяспекі, то ў такіх умовах, у якіх яны працуюць, ён адназначна абярэ бяспеку.
Аляксей Лявончык сказаў, што ў Беларусі ўсё можа быць названа незаконным. “Калі мы не забяспечваем празрыстасць – нас пінаюць. І ў адваротным баку – таксама. Мы ўсё адно атрымаем. Максімальны аб’ём празрыстасці, калі мы можам гаварыць пра агульныя лічбы і размеркаванне па групах і г.д. І мы ўсё ж такі абіраем бяспеку”.
Як зазначыў Аляксей Лявончык, у іх існуюць пратаколы бяспекі і любая арганізацыя ці асацыяцыя, якая захоча супрацоўнічаць з імі, будзе праходзіць верыфікацыю.
Яны стараюцца па максімуму дапамагаць людзям, не толькі фінансава, але і прадстаўляюць медычную і псіхалагічную дапамогу, якой людзі, праўда, не вельмі хочуць карыстацца.
Паводле Андрэя Стрыжака, адна з вялікіх праблемаў – гэта наркаманія і алкагалізм, якія існуюць у тых, хто выходзіць з турмы, і тых, хто вяртаецца з вайны.
Але яны з гэтым амаль нічога не могуць зрабіць, бо шмат што залежыць ад самаго чалавека.
З залі гучала пытанне і наконт вяртання беларусаў у Новую Беларусь. Паводле Аляксея Лявончыка, ён думае, што, як і з папярэдняй эміграцыі, частка вернецца, а частка – не. І яны не будуць нікога прымушаць, бо гэта будзе дэмакратычная краіна.
Беларускае Радыё Рацыя