
Фота: facebook.com/mikhailyna.skoryk
Канец сакавіку 2022 году — час дэакупацыі Бучы. Напярэдадні гадавіны важнай даты гутарым з Карынай Пацёмкінай, беларускай, якая перажыла акупацыю, а потым дапамагала аднаўляць жыццё ў горадзе. Яна распавядзе пра цяжкія ўспаміны, ПТСР, і новых сяброў на ўсё жыццё. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Колькі вы ўжо ў Польшчы і як вы даеце рады?
– Так, я ў Польшчы з лета таго года, у сярэдзіне лета прыехала адкрыўшы гуманітарную візу. Мне яе без праблем выдалі. Неяк паціху, лепш у плане вырашэння легалізацыі. У параўнанні з Украінай, тут канешне вельмі зразумелы механізм для беларусаў, просты. Ён не прымушае цябе так клапаціцца, як гэта было ва Украіне. У цэлым у першы час было нязвыкла, але стан палепшыўся, у параўнанні з тым, што было.
РР: Ці не сніцца вам зараз вайна? Як жывецца мірным жыццём?
– Я дзесьці з паўгады таму прайшла тэрапію. Мы пачалі працаваць над гэтым, бо мне сістэматычна сніліся кашмары, кшталту забойства, цябе хтосьці даганяе, забіваюць, страляюць, расстрэльваюць. Мне вельмі пашанцавала, мне знайшлі выдатнага спецыяліста. Ён беларус, працуе з такімі наступствамі, як ваенны ПТСР. Цягам паўгода мы пачалі паціху вымаць успаміны з вайны. Я вельмі доўгі час не давала туды вяртацца і нешта прагаворваць, нешта расказваць. Паводзіны людзей, якія апынуліся ў ваенных умовах пайшлі добраахвотнікамі або валанцёрамі. У любым выпадку, як лічу, што гэта мае свае наступствы, пра гэта трэба думаць, як з гэтым далей жыць, як ты будзем у далейшым сацыялізавацца. Зараз ужо бачна, што ў многіх людзей з гэтым ёсць пэўныя праблемы, не кажучы пра астатняе. Лічу, што людзям не мае значэнне – гэта беларусы ці ўкраінцы. Ім прыйдзецца вельмі доўгі час клапаціцца пра сваё псіхалагічнае і фізічнае здароўе. Гэта такі наступствы, якія не знікаюць ні праз месяц, ні праз два.
РР: Ці маглі б вы распавесці пра тое, чым займаліся ў Бучы? Ці засталіся там валанцёры?
– Наколькі я ведаю, беларусы патроху выязджаюць з Украіны. Шмат валанцёраў выехала. Гэта зноў жа пытанне легалізацыі. Я лічу, што гэта праблема. Пасля дэакупацыя я працавала каардынатарам па працы з насельніцтвам, дапамагала “Чырвонаму крыжу”, дапамагала мясцовай уладзе арганізаваць прыём насельніцтва. Мы працавалі з насельніцтвам, працавалі ў Бучы, потым працавалі ў Ворзелі. Гэта быў такі даволі складаны час. Але калі браць цалкам, то ёсць рэчы, якія чалавек разумее толькі калі знаходзіцца ў такіх сітуацыях. Ва ўсякім выпадку я не шкадую, нягледзячы на тое, што гэты досвед быў для мяне вельмі траўматычны. Нягледзячы на тое, што над некаторымі наступствамі я працую дагэтуль. Было тое, што было, так склаліся абставіны. Не хочацца распавядаць пра страшнае, бо думаю, што ўсе гэта ведаюць, усе гэта бачылі. Бачылі фотаздымкі з Бучы, бачылі што робіцца ва Украіне, дзе гінуць людзі. Гэта адбываецца кожны дзень, мы з гэтым жывём. Ёсць такое ўражанне, як быццам чалавек прызвычайваецца да гэтага. Мы прызвычаіліся, што ў нас па той бок, у іншай краіне ідзе вайна. Так мы два гады з гэтым жывём.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Зараз Карына жыве ў Беластоку. Актывістка заклікае ўсіх і надалей, па магчымасці, падтрымліваць Украіну і не забывацца пра тое, што вайна працягваецца.
Беларускае Радыё Рацыя






