Грабаўка – гміна на ўскраіне Беластока. Ці не самая маладая гміна ў Польшчы. Як асобная адміністрацыйнае ўтварэнне існуе з 1 студзеня 2025 года. Можна сказаць, што адарвалася ад гміны Супрасль. На дадзены момант у гміны няма свайго войта і сваёй Рады. 16 сакавіка адбудуцца выбары. У нашай студыі пабывала Катажына Тодорчук – кандыдатка на першага ў гісторыі войта гміны ад выбарчага камітэту «Наша гміна – Грабаўка», і Багдан Астапчук – кандыдат у Раду гміны, таксама ад гэтага камітэту.

Катажына Тодорчук і Багдан Астапчук.
РР: Што вам, жыхарам Грабаўкі і навакольных вёсак, не падабалася ў гміне Супрасль? Была ж нейкая прычына, каб адарвацца і стварыць сваю гміну.
Катажына Тодорчук: Хацелі мы адлучыцца ад Супрасля і стварыць сваю гміну. Бо нас дзеліць кавалак пушчы – 15 кіламетраў. І нашыя мясціны развіваліся ў розных кірунках. Супраль – гэта гміна турыстычная і санаторная. А ў нас зусім іншы кірунак развіцця. І гэта была адна з прычын аддзялення. 73% даходаў нашай мясцовасці ўплывала ў бюджэт гміны, а ўзамен мы мала атрымлівалі ў інвестыцыях.
РР: А сядзіба гміны будзе ў Грабаўцы? Бо на дадзены момант, калі не памыляюся, гэта два будынкі ў Засцянках.
Катажына Тодорчук: Так. На гэты момант у Засцянках месціцца сядзіба гміны.
РР: І застанецца?
Катажына Тодорчук: Пакуль што так.
РР: Ці ўсё ж такі варта пабудаваць у Грабаўцы. Бо калі гміна Грабаўка, то і сядзіба павінна быць у Грабаўцы. Такое маё меркаванне.

Катажына Тодорчук: Нашым жаданнем таксама з’яўляецца, каб гміна мела свой будынак. І каб там былі ўсе гмінныя структуры. Каб усе былі ў адным месцы.
Багдан Астапчук: Але, як кажуць, не ўсё адразу. Спачатку трэба меншыя справы зрабіць. Будынак для гміны – гэта вялікія выдаткі. Як выйграем выбары, то будзе час, каб той будынак збудаваць.
РР: Вы сказалі, што трэба меншыя справы парабіць, а мне здаецца, што трэба збудаваць усё з самага пачатку. Ахова здароўя, школьніцтва, сацыяльная дапамога. А што самае найважнейшае?
Катажына Тодорчук: Што ёсць найважнейшае? Маем вельмі шмат праблем. Праз усе гэтыя гады, калі Супрасль не інвеставаў па нашым баку, то, напрыклад, не маем ходнікаў, не маем каналізацыйных сетак, гэта трэба зрабіць у першую чаргу. Маем праблему са школай. Дзеці не змяшчаюцца ў школе. У Грабаўцы няма школы. Ёсць у Сабалеве. Там вельмі шмат дзяцей. І што далей. Дзе мы размесцім дзяцей, якія з’явяцца новыя. Бо нашая мясцовасць хутка развіваецца. І што рабіць? Пашыраць школу? Ці будаваць новую?

РР: І гэта я ў вас мушу спытаць: што рабіць?
Катажына Тодорчук: Я маю свае прапановы. Але гэтыя прапановы спачатку трэба абмеркаваць з бацькамі дзяцей і з дырэкцыяй школы і выбраць найлепшы варыянт.
(…)
РР: А ці магчыма ў школе зрабіць урокі беларускай мовы? Бо для гэтага будуць дадатковыя грошы з Міністэрства.
Катажына Тодорчук: Канешне. Калі з’явіцца такое запатрабаванне, то абмяркуем магчымасць. Пытанне толькі, колькі будзе зацікаўленых у такім навучанні.
Багдан Астапчук: Кансультацыі трэба зрабіць, што нам патрэбна, і колькі тых дзяцей было б.
РР: Ёсць такое меркаванне, што гміна Грабаўка – гэта толькі пераходны этап. Крок да далучэння гміны да горада Беласток, бо гміна не бедная. Прыбытак ад падаткаў прыкладна больш за 50 млн. злотых. Гарадскія ўлады Беластоку, здаецца, былі б таксама не супраць каб прытуліць вас праз год-два.
Катажына Тодорчук: Але мы не дазволім гэта. Не дзеля таго мы змагаліся столькі гадоў за стварэнне ўласнай гміны, каб хтосьці меў жаданне прылучыць нас да Беластока, або назад вярнуць да Супрасля. Можа гэта не сціпла, але я ёсць гарантам захавання незалежнасці гміны, бо столькі гадоў змагалася, я не дазволю, каб гміна Грабаўка была далучана да Беластока. І не дазволю, каб вярнулася да Супрасля.

РР: Спадар Багдан, а што кажуць жыхары?
Багдан Астапчук: Жыхары таксама не хочуць. Хочуць сваё месца мець на нашай малой зямлі. Тут хочуць жыць, спяваць, танцаваць. Але не хочам да Беластока, хочам сваю мець айчыну.
Катажына Тодорчук: Жыхары Грабаўкі не хочуць да Беластока. Бо які б мы мелі ўплыў, калі б былі ў Беластоку. Мелі б аднаго, ці двух радных у вялікай гміне Беласток. А зараз будзем мець 15-ці асабовую раду. І будзем самі вырашаць свае праблемы.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Юрыя Дзешука