Грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расеі, могуць атрымаць у гэтай краіне права галасаваць на мясцовых выбарах, адпаведныя кансультацыі вядуцца «па лініі міністэрстваў замежных спраў», заявіў на прэс-канферэнцыі 25 лютага старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Ігар Карпенка. Паводле яго слоў, у выпадку станоўчага рашэння такое права будзе замацавана ў дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што каля 96 тысяч грамадзян Расеі, якія пастаянна жывуць у Беларусі, маюць права галасаваць на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў, пры гэтым удзельнічаць у парламенцкіх выбарах яны не могуць.

Сёлета ўпершыню ў Беларусі праходзяць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы дэпутатаў – адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) запрашэння не атрымала. Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.