BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Коршунаў: Каля 500-600 тысяч чалавек за апошнія тры гады з’ехала ў эміграцыю

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў прааналізаваў адкрытыя даныя і назваў новую лічбу тых, хто пакінуў Беларусь пасля 2020 года.

Па стане на люты бягучага году ў польскай сістэме ZUS было зарэгістравана 130 тысяч беларусаў. Столькі ж грамадзян Беларусі мелі дазвол на жыхарства ў Польшчы. Вядома, што ў 2020-м такіх было ўсяго 17 тысяч. Такім чынам, базавай колькасцю беларусаў, якія з’ехалі ў Польшчу, можна лічыць 113 тысяч чалавек. Пры гэтым, на думку Коршунава, у гэтай статыстыцы не хапае яшчэ некалькіх дзясяткаў тысяч беларусаў, якія ў гэты момант чакаюць на ДНЖ у Польшчы, паколькі тэрміны выдачы дазволаў расцягнуліся з-за вялікага наплыву замежнікаў.

Паводле падобных падлікаў памер новай міграцыі беларусаў у Літву складае каля 45 тысяч чалавек. І гэта таксама хутчэй мінімальная планка. У Нямеччыну за апошнія гады пераехала 6-8 тысяч беларусаў, у Ізраіль па стане на 2022 год — 3,6 тысячы чалавек, пры гэтым колькасць працягвае расці. У Грузію перабраліся недзе 10-11 тысяч беларусаў.

Паводле ацэнкі Коршунава, у краіны ЕЗ, акрамя Польшчы і Літвы, перабраліся каля 20 тысяч беларусаў. Такім чынам, атрымліваецца агульная колькасць у 220 тысяч беларусаў, якія з’ехалі ў заходнім кірунку.

Папулярным кірункам з’яўляецца і ўсходні. Падлічыць колькасць беларусаў, якія з’ехалі ў Расею, складана праз асаблівасці статыстыкі. Паводле звестак МУС Расеі, у 2022 годзе ў гэтай краіне жылі 430 тысяч беларусаў, паводле звестак Еўразійскай эканамічнай камісіі — 173 тысячы. Коршунаў лічыць, што эміграцыя з Беларусі ва ўсходнім кірунку можа быць цалкам супастаўная па памерах з заходнім кірункам.

Такім чынам, па стане на пачатак 2024 года можна абгрунтавана ацаніць агульную колькасць беларускай эміграцыі прыкладна ў 500-600 тысяч чалавек. Гэта каля 6-7% ад агульнай намінальнай/афіцыйнай колькасці насельніцтва краіны па версіі Белстата. Ці амаль насельніцтва Гародні і Берасця разам.