Вайна калечыць душы і целы, разбурае дамы і лёсы, незваротна забірае тое, што ёй ніколі не належала – чалавечыя жыцці. За словам “вайна” заўсёды стаіць чыёсьці імя. Адно ці некалькі. Або мільёны маўклівых саўдзельнікаў, чыя непасрэдная воля дала “дабро” для запуску пякельнай машыны вайны.

На вуліцах украінскіх гарадоў усё больш можна сустрэць людзей з пратэзамі рук і ног. Як вайскоўцаў, так і грамадзянскіх. І ў навакольных часта ўзнікае праблема карэктнай камунікацыі з імі: як сябе паводзіць, каб не пакрыўдзіць чалавека і не стварыць для яго дыскамфорт неэтычнымі пытаннямі.
І абсалютна недапушчальна – зваць “бязрукі, бязногі і ампутант”. Колькі б ні існавала парадаў псіхолагаў, як правільна размаўляць з людзьмі з ампутацыяй канечнасцяў, кожная сітуацыя індывідуальная. Але ў любым выпадку гэта зона болю. Чамусьці менавіта вайскоўцы спакайней ставяцца да пытанняў аб атрыманым раненні, а часта нават ахвотна расказваюць, пры якіх абставінах страцілі нагу ці руку. Ва Украіне з’явіўся цэлы ветэранскі рух, які праводзіць акцыі ў падтрымку вайскоўцаў з ампутацыямі «Дзве гадзіны жыццём параненага ваеннага».
Ахвотным прыняць удзел у эксперыменце накладваюць на нагу гіпс і даюць мыліцы. Ім забаронена прасіць пра дапамогу, каб пратэставаць людзей на абыякавасць. Такімі эксперыментамі ветэраны хочуць прыцягнуць увагу навакольных да праблемы людзей з ампутацыямі і паказаць, як важна аказваць ім падтрымку. Не менш важна, па словах ветэранаў, навучыцца бачыць не толькі скалечанае цела, але і чалавека цэласна: бо траўма – гэта толькі частка досведу таго, хто яе атрымаў. А хаваць вочы пры выглядзе чалавека з ампутацыяй – горшы варыянт, таму што такая рэакцыя прымушае яго адчуваць сябе нявартым увагі, чужым сярод звычайных людзей.
Часта вайскоўцы з ампутацыяй вяртаюцца ў строй, каб даказаць, у першую чаргу, сабе, што страта нагі ці рукі не ператварыла іх у паўчалавека. Кожнаму сваё: хтосьці без нагі ў строй, а хтосьці пасля касметычных працэдур – у бункер.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






