BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кубак Польшчы па Nordic Walking у Белавежскай пушчы

Вялікая доза пазітыўных эмоцый, задавальненне ад спартыўных спаборніцтваў і прыгожая прырода… Вось як коратка можна ахарактарызаваць Кубак Польшчы па скандынаўскай хадзьбе, які адбудзецца ў Белавежскай пушчы.

Фота: facebook.com/PowiatHajnowski

6 верасня стартуе Чэмпіянат Польшчы па Nordic Walking 2025 года. Удзельнікі могуць выбраць дыстанцыю на 5,10 або 21,1 км. Спецыяльна для самых маленькіх удзельнікаў Mini Nordic Walking на 400 м.

Белавежская пушча – гэта самае лепшае месца для такой падзеі, падкрэслівае Валянціна Петрочук з Цэнтра турызму і развіцця «Краіна зубра» у Гайнаўцы.

РР: Калі ўзнікла ідэя, каб супольна ў Гайнаўцы шпацыраваць па Белавежскай пушчы?

Валянціна Петрочук: Ідэя з’явілася ў 2011 годзе, мы вырашылі, што Белавежская пушча – гэта прыгожая тэрыторыя, што варта паглядзець нашую пушчу ідучы пешшу, не толькі едучы на ровары, але і шпацыруючы са скандынаўскімі  палкамі. І з таго часу арганізоўваем Чэмпіянат Польшчы па Nordic Walking. У супрацы з Гайнаўскім лясніцтвам. У мінулым годзе было каля 400 удзельнікаў з усёй Польшчы. У гэтым годзе працягваецца запіс на ўдзел у чэмпіянаце. Ёсць дыстанцыі на 5 кіламетраў, 10 і 21 кіламетр, а таксама Mini Nordic Walking на 400 м для дзетак да васьмі гадоў.

РР: Неяк цяжка ўявіць, што ў Nordic Walking можна неяк спаборнічаць? Бо гэта асацыюецца з даволі спакойным маршам.

Валянціна Петрочук: Так, ёсць рэгламент. Нельга падбягаць, трэба выконваць тыя рухі, якія ёсць у Nordic Walking. На ўсім шляху стаяць суддзі і назіраюць, даюць “жоўтыя карткі” ці нават выключаюць са спаборніцтваў некаторых удзельнікаў. Бо гэта спаборніцтвы і трэба проста прыстасавацца да рэгламенту і ісці так, як належыць. Але некаторыя ходзяць сапраўды вельмі хутка.

Спаборніцтвы праходзяць пад патранатам Міжнароднай федэрацыі Nordic Walking (INWA) і Польскай асацыяцыі Nordic Walking.

Ужо можна запісвацца.

Цалкам гутарка:

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя