У суботу ва Уроцлаве – прэзентацыі кніг беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. А менавіта: кнігі Юлі Цімафеевай «Мінскі дзённік», а таксама паэтычнага зборніка «Воўчыя ягады» і паэмы Іллі Камінскага «Рэспубліка глухіх», якую яна пераклала на беларускую мову разам з Вальжынай Морт. Сяргей Шупа прадставіць новыя кнігі «Вясны»: свае пераклады Мойшэ Кульбака, Юргіса Кунчынаса і Антанаса Шкемы. Альгерд Бахарэвіч пазнаёміць усіх прысутных з новым прыгодніцкім раманам «Капітан Лятучая Рыба». Андрэй Янушкевіч раскажа пра навінкі беларускага кнігавыдання і стан, у якім працуюць выдавецтвы, а таксама прывязе свежанадрукаваныя творы.
У Беластоку, 18-га траўня, – канцэрт спявачкі AnaMova. Прагучаць знаёмыя тэхна-фолк-творы з будучага альбому «Spoviedź», новыя атмасферныя творы ў стылі darkwave і медытатыўныя сінтэзатарныя імправізацыі. AnaMova нарадзілася ў Менску, з 2016 вядзе творчую дзейнасць у Польшчы. Пачаўшы артыстычны шлях як рок-музыка, працягнула кар’еру ў оперы. Яе стыль спалучае рок, класіку, фолк і музыку кіно.

У Варшаве ў суботу 18-га траўня – творчая сустрэча са стваральнікамі «ЧынЧынЧэнэл», фільма «Працэсы», музычнага гурта ZUI Андрэем Кашперскім і Міхаілам Зуем. Пытанні-адказы, жарты-прымаўкі, песні, фільмы, добрыя падарункі аўтару самага цікавага пытання і шмат чаго яшчэ!
Таксама ў сталіцы Польшчы ў суботу – канцэрт да Дня нараджэння Аляксандра Кулінковіча – нязменнага лідара гурта Neuro Dubel – у Варшаве. Найлепшыя хіты гурта заспяваюць: Зоя І Уладзімір Сахончыкі (Зьмяя), Алесь Лютыч (:B:N:), Алесь-Францішак Мышкевіч (The Superbullz), Дзяніс Тарасенка (РСП) і Аляксандр Памідораў.
На гэтым канцэрце меламаны збяруцца, каб разам узгадаць і ўшанаваць памяць выбітнага музыкі і паэта Аляксандра Куллінковіча, пачуць любімыя песні, якія да гэтага часу натхняюць людзей на творчасць і самавыяўленне.
Таксама ў Варшаве 18-га траўня адбудзецца Ноч музеяў з арт-праектам «Revolution». Чакаюць у прасторы, дзе творы мастацтва будуць ствараць запрошаныя мастакі на вачах у гледачоў. Кожны аўтар па чарзе створыць сваю работу на тэму «Дом». Усе творы будуць размешчаны на сценах пляцоўкі. Паралельна з галоўнай падзеяй будзе праходзіць невялічкая літаратурная імпрэза з удзелам маладых пісьменнікаў і паэтаў, якія прачытаюць па адным са сваіх твораў.
Аматары тэатру змогуць завітаць 18-га траўня на спектакль «NO EXIT». Гэта гісторыя пра тое, што ад вайны не ўцячы і не схавацца, нават калі моцна заплюшчыць вочы альбо апынуцца ў цэнтры Лондана. Яна магла б скончыцца інакш, а хутчэй за ўсё і не адбылася б увогуле. Рэжысёрка — Юля Шаўчук. Акторы — Раман Шлыкаў і Таісія Пятрова.
Таксама нас чакае выстава Пятра Войціка і Ірыны Арахоўскай у Варшаве. «Спаць спакойна» — выстава, якая вядзе нас у падарожжа па гісторыях, эмоцыях і надзеях беларускіх мігрантаў у Польшчы. Фатограф Пётр Войцік і журналістка Ірына Арахоўская вырашылі зафіксаваць няпросты лёс людзей, якія пакінулі свае дамы ў пошуках бяспекі і добрай будучыні.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя