BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у Польшчы і іншых краінах свету

На гэтых выходных чакаецца шмат падзей, прысвечаных Купаллю.
Варшава, 29-га чэрвеня, – Купалле на беразе Віслы. У праграме – збор траў і майстар-клас па пляценні вянкоў, песні і абрады, традыцыі і міфы.

У Вільні свята адзначаць таксама ў суботу. З адметнага – выступы калектываў «Беларускі Цуд», «Гоман», «Ойра», пляценне вянкоў, пошукі папараць-кветкі, народныя танцы, распальванне вогнішча.

У той жа дзень у Нідэрландах – традыцыйны фэст «Купалле на Паўночным моры». Кірмаш ад беларускіх мастачак, воркшоп-сюрпрыз, шахматны стол, валейбол, крэатыўны куток па лепцы, дзіцячая майстэрня і іншае. Таксама выступіць гурт KRIWI і Лявон Вольскі.

Ва Уроцлаве 29-га чэрвеня падчас тэматычнага свята можна будзе знайсці забавы не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Тут сама – скокi праз вогнiшча, пусканне вянкoў, пошукi папараць-кветкi ды іншае.

У Варшаве чакаецца свята KUPALLE VARUŠNIAK. Рыхтуюць вялікае вогнішча, традыцыйныя спевы, купальскія забавы і 24 гадзіны музыкі і танцаў. Тры сцэны, 40 артыстаў і суткі музыкі нон-стоп!

Фэст «Мюнхеншчына-2024» разгарнецца пад Мюнхенам ужо 28-га чэрвеня. У праграме – майстар-класы, спартыўныя мерапрыемствы, вечаровыя імпрэзы, песні ля вогнішча. Падзея будзе доўжыцца 3 дні.

Да іншых імпрэз.
У Нью-Ёрку у суботу, 29-га чэрвеня – мерапрыемства да 100-годдзя Васіля Быкава.

У Лодзі – 29-га чэрвеня – сустрэча са Святланай Курс. Размова пра літаратуру і жыццё.

У Берліне ў суботу – чытка п’есы Юліі Цімафеевай «Экстрэмісты». Гэта палітычна-паэтычны тэкст пра тых, чые адзіная зброя і адзінае злачынства, — гэта голас. Пра беларускіх палітвязняў.

У нядзелю ў Познані – дзіцячы спектакль «Дарожныя прыгоды Віты». Падчас падзеі даведаемся, хто малюе белыя крэскі на дарогах, пазнаёмімся з Чырвоным і Зяленым чалавечкамі, вырашым вялікую праблему маленькага хлопчыка і ўбачым таго, хто запальвае ўсе ліхтары ў горадзе.

У Беластоку 30-га чэрвеня – нефільтраваны жаночы стэндап. Раскажуць пра жыццё ў Еўропе, нядзельную школу і спатканні ў Польшчы, стасункі, мары і рознае іншае.


У Вільні – 29-га чэрвеня – трэнінг «Як спраўляцца з канфліктамі?». Як лепш паводзіць сябе ў крытычных сітуацыях і прычым тут стэрэатыпы?

У Варшаве 29-га чэрвеня – спектакль «NO EXIT». Гэта гісторыя пра тое, што ад вайны не ўцячы і не схавацца, нават калі моцна заплюшчыць вочы альбо апынуцца ў цэнтры Лондана.

І 30-га чэрвеня ў Вільні – монаспектакль «Паслязаўтра будзе заўтра». Рэжысёр і акцёр Павел Гарадніцкі і «Прававая ініцыятыва» прадстаўляюць пастаноўку пра рэальнага чалавека, які прайшоў праз беларускую турму за каментары.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя