Беларуская тэатральная студыя “Купалінка” запрашае адзначыць Купалле разам. Імпрэза пройдзе ў Варшаве 21 чэрвеня на беразе Віслы. Пра адметнасці падзеі і важнасць свята Госця Рацыі – рэжысёрка імпрэзы Вольга – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Купалінка” рыхтуе “Купалле”. Што будзе на імпрэзе?
Рэжысёрка Вольга: На імпрэзе будзе тое, чаго найбольш хочацца беларусам, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Бо калі прыходзіць лета, то нейкі наш унутраны беларускі ген дыктуе нам не саджаць бульбу, не выкопваць яе, а збірацца і рабіць карагоды, запальваць вогнішча, спяваць купальскія песні і плесці вяночкі і варажыць. Вось усяго гэтага, думаю, што хочацца ўсім, бо гэта такая пара. Купальскую пару не адмяніць ніяк, як бы мы не стараліся. Таму не будзе нічога надзвычай адмысловага.
“Купалінка” ладзіць беларускае Купалле ў Варшаве ўжо чацвёрты год запар. Кожны год праграма крыху пашыраецца, крыху мадыфікуецца, але збольшага застаецца такой, як было спрадвеку. Таму што гэта Купалле традыцыйнае, і яно базуецца абсалютна на старадаўніх традыцыйных рэчах, як ачышчэнне вадой. Яно ёсць, хаця ў Вісле ніхто там не купаецца, нельга. Але сюрпрызы будуць, таму ачышчэнне вадой плануецца.
А таксама ачышчэнне агнём, скокі праз вогнішча вітаюцца і заўжды вельмі добра ўспрымаюцца публікай. Плюс, натуральна, што будзе культурная праграма і шмат тыпова, можа. купалінкаўскіх неспадзяванак, фірмовых штучак. Таму што тыя, хто ўжо былі на нашым Купаллі ў Варшаве на беразе Віслы, ведаюць, што ёсць там адзін такі чароўны момант, каторы мы першы год трымалі сюрпрызам і другі год трымалі сюрпрызам. Сёлета, відаць, ужо не атрымаецца. Таму што да нас пераважна прыходзяць бывальцы, і мы вітаем заўжды каля 1000 мінімум гасцей. Таму недарэчна казаць, што гэта будзе сюрпрыз, сюрпрызу ўжо не будзе. Ён будзе, але іншы.
А вось да нас прыплыве зноў выдатнейшая шкута “Dar Mazowsza” ўся аздобленая кветкамі, вяночкамі. Яна прыплыве з другога берагу Віслы, там, дзе на вышыні Варшаўскага старога горада будзе адбывацца варшаўскае свята Купалле польскае. А пазней яны заўжды з году ў год на чале са сваім капітанам – вялікім аматарам беларускай культуры – пераплываюць Віслу і прыплываюць да нас. І вось гэта шкута будзе з намі і будзе зноў катаць, але не ўсіх. А катаць яна будзе па такой чорнай люстэркавай абсалютна магічнай Вісле пераможцаў конкурсаў. Конкурсаў будзе некалькі. Вось тут я б прасіла звярнуць увагу тых, хто захоча да нас прыйсці. Бо трэба будзе прыйсці ў нацыянальным строі. І будзе конкурс на найлепшы строй.
Трэба будзе прыйсці падрыхтаваным, то бок ведаць нешта пра Купалле, таму што будзе квіз і таксама будуць пераможцы. І будзе пажадана прыйсці ў некалькіх пакаленняў сваёй сям’і, хоць гэта і складана ў варшаўскіх варунках. Таму што Купалле – гэта свята для ўсіх, мы стараемся захаваць адкрытасць гэтай формулы і падкрэсліваем гэтую адкрытасць.
Цалкам гутарка:
“Мы ладзім Купалле сіламі ўдзельнікаў “Купалінкі”, якія заадно вучацца працы культурных аніматараў. За без аніякіх праектаў – проста таму, што без гэтага свята немагчыма ўжо ўявіць правы бераг Віслы ў самую кароткую ноч года. А яшчэ таму, што беларусы хаця б раз у год мусяць мець супольную паляну, дзе іх злучае гісторыя, традыцыі і тоеснасць і нішто не дзеліць. І менавіта таму нам вельмі патрэбная падтрымка: нават дробная сума, якую вы перавядзеце на рахунак “Купалінкі”, будзе выкарыстаная як ганарар для артыстаў – удзельнікаў свята і ўзбагаціць яго праграму”, – дадае Вольга.
Рэквізіты для дапамогі:
67109025900000000155858779
Сel – darowizna na cele statutowe.
Беларускае Радыё Рацыя






