20 жніўня ў прасторы Velas, што ў цэнтры грузінскага Батумі, адбыўся Red Hot chili Peppa Quiz на беларускай мове.
Падчас гульні было некалькі сотняў пытанняў пра беларускую музыку, рэбусы і розныя загадкі. Паўдзельнічаць у квізе прыйшло амаль паўсотні мясцовых беларусаў рознага ўзросту. Кажуць удзельнікі гульні:
– Спадабалася канешне, што гэта было пра беларусаў і пра Беларусь. Не чакала, што столькі ўдзельнікаў будзе.
– Вельмі люблю квізы, музычныя тым больш. Беларуская тэматыка заўсёды ў сэрцы. Было прыемна.
Па словах аднаго з арганізатараў, было вельмі складана падабраць пытанні:
– Цяжка было падабраць выканаўцаў, бо ў Беларусі не так шмат тых, каго ўсе ведаюць. Цяжка было зрабіць нешта такое, каб не было “ябацек”, не было “Z-артыстаў” і хапіла выканаўцаў на наступныя квізы. Гэта была такая мэта, бо беларускае грамадства не цэльнае. Хацелася б, каб было месца, дзе ўсе былі аб’яднаныя якой-небудзь ідэяй. Музыка – гэта мабыць адна з ідэй, якая нас абагульняе.
Гульні па-беларуску ў Батумі адбываюцца раз на некалькі месяцаў, бліжэйшая гульня, але ў іншым фармаце, адбудзецца пасля летніх адпачынкаў ўжо ў верасні.
Беларускае Радыё Рацыя