Урад Латвіі плануе выдзеліць Міністэрству абароны дзесяць мільёнаў еўра для “выканання плану ўмацавання ўсходняй мяжы Латвіі”, паведамляе партал grani.lv. Рашэнне чакаецца на гэтым тыдні. Улады маюць намер выкарыстоўваць грошы з рэзервовых фондаў бюджэту.
План, зацверджаны ўрадам сёлета ў сакавіку, з’яўляецца часткай фармаванай Балтыйскай лініі абароны. Ён уключае ў сябе “стварэнне апорных пунктаў для падраздзяленняў нацыянальных узброеных сіл уздоўж усёй расейска-беларускай мяжы — абарончых пазіцый і ўмацаванняў для жаўнераў, розных перашкод, супрацьтанкавых равоў, складоў боепрыпасаў ды мін”.
“Каб прадухіліць перамяшчэнне праціўніка, умацаванне мяжы ў Латвіі пачнецца з перакопкі існых дарог для стварэння супрацьтанкавых равоў, пазней у такія равы таксама будуць пераўтвораныя дрэнажныя каналы ўздоўж мяжы, — паведамляла раней латвійскае Мінабароны. Будуць усталяваныя розныя тыпы загарод — супрацьтанкавыя равы ўмацуюць бетоннымі блокамі і так званымі “зубамі дракона”, супрацьтанкавымі мінамі. Перашкоды будуць усталяваныя з улікам мясцовасці, з выкарыстаннем натуральных бар’ераў — балот, лясоў, іншых прыродных аб’ектаў”. Чакаецца, што першы этап плана будзе рэалізаваны да кастрычніка.
Практычнае ўмацаванне ўсходняй мяжы пачалося ў сакавіку. У найбліжэйшыя пяць гадоў у гэтую справу будзе ўкладзена больш за трыста мільёнаў еўра.
Міністры абароны Літвы, Латвіі і Эстоніі падпісалі пагадненне аб фармаванні Балтыйскай лініі абароны ў студзені 2024 года.
Краіны Балтыі прынялі рашэнне ўмацоўваць усходнюю мяжу на фоне міграцыйнага крызісу і ў святле патэнцыйных ваенных пагроз, якія зыходзяць ад Масквы і Менска.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: з сайта ўрада Латвіі