Ва Узброеных сілах Украіны нечакана выявілі праблему – салдаты масава захапляюцца азартнымі гульнямі і стаўкамі на спорт. Пра гэта публічна загаварылі самі вайскоўцы, потым тэму лудаманіі (так называюць гульнявую залежнасць) падхапіў адзін вядомы народны дэпутат Украіны і заявіў, што 9 з 10 салдат на перадавой з’яўляюцца гульнязалежнымі.
Чым, зрэшты, зрабіў на руку ворагу. Цяпер расейскія СМІ смакуюць навіну: маўляў, ваенныя ВСУ загразлі ў гульняманіі, у іх там сапраўдная эпідэмія, а анлайн-казіно знішчае іх маральны дух. Насамрэч, гульнязалежнасць ва ўкраінскім войску мае месца, але яна не набыла такіх маштабаў, каб перашкаджаць служыць і адбіваць напады ворагаў. Гульцы ёсць амаль у кожным падраздзяленні, а па-сапраўднаму залежных – адзінкі. Чаму падчас адпачынку салдаты аддаюць перавагу азартным гульням замест чытання кніг?
Ваенныя псіхолагі тлумачаць гэта так: калі салдат доўга знаходзіцца на полі бою, а потым адыходзіць у тыл, то пачынаецца працэс замяшчэння адрэналіну. І не толькі яго. Падчас баёў выдзеляецца велізарная колькасць іншых гармонаў – сератаніну, картызолу, гармонаў стрэсу і радасці. Гэта моцна б’е па цэнтральнай нервовай сістэме. А пасля вываду з зоны баявых дзеянняў у салдата пачынаецца ўмоўная ломка. Каб выпрацоўваліся гэтыя гармоны, вайскоўцы пачынаюць захапляцца азартнымі гульнямі.
І прайграюць адносна высокія заробкі, потым у грамадзянскае жыццё вяртаюцца з пустымі кішэнямі, а часта – з крэдытамі. Трэці год доўжыцца поўнамаштабная вайна, салдаты знаходзяцца ў стане пастаяннага стрэсу без магчымасці паўнацэннага аднаўлення. Тое, што азартныя гульні – крыніца адрэналіну, праўда. Але ці лекі?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя